Сёння ў Менску затрымалі 50 чалавек. Сярод іх – журналісты «Белсату»


Яны стаялі ў чарзе ў КДБ, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Сёння АМАП затрымаў каля 50 чалавек. Частка з іх прыйшла пад КДБ, каб разам са штабам Віктара Бабарыкі падаць хадайніцтва аб змене меры ягонага стрымання. Аднак улады палічылі чаргу несанкцыянаваным мітынгам і пачалі затрымліваць людзей.

АМАП і чарга.
Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Апроч наведнікаў затрымлівалі і журналістаў беларускіх і замежных выданняў – «Белсату», TUT.by, БелаПАН, ТАСС, Reuters.

Абноўлена
Усіх журналістаў, якія меліся весці стрым з-пад будынку КДБ, затрымалі
2020.07.28 13:54

Праз некалькі гадзінаў большасць затрыманых вызвалілі нават без апытання і складання пратакола. Аднак на Юрыя Карзуна склалі пратакол паводле арт. 23.34 КаАП, а Арцёма Карнэса адправілі на ноч у ІЧУ.

28 ліпеня а 16.00 гадзіне штаб Віктара Бабарыкі падаваў хадайніцтвы пра асабістае паручальніцтва ў КДБ. У сувязі з гэтым прадстаўнікі штабу звярнуліся да грамадзянаў з заклікам падпісаць гэты дакумент, узор якога выклалі на сайце палітыка, і потым перадаць яго ў Камітэт дзяржбяспекі.

Віктар Бабарыка знаходзіцца за кратамі ад 18 чэрвеня. А 24 ліпеня яму замянілі артыкул: ён не даваў хабар, а атрымліваў яго. Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 235 (легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам), ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад платы падаткаў, які прывёў да шкоды ў буйным памеры).

КТ belsat.eu

Стужка навінаў