Сёння ў Менску пачынаюць судзіць галоўную рэдактарку парталу TUT.BY


Марыну Золатаву абвінавачваюць паводле ч.2 арт. 425 КК (Бяздзейнасць службовай асобы). Спецыяльна для гэтага працэсу была выдзелена зала, якая змяшчае 170 чалавек.

Крымінальную справу ў дачыненні да галоўнага рэдактара TUT.BY будзе разглядаць суд Заводскага раёну Менску, але ў будынку суда Маскоўскага раёна. Толькі тут ёсць вялікая зала, здольная змясціць вялікую колькасць слухачоў. Напрыклад, у гэтым памяшканні слухалася справа аб дзедаўшчыне ў войску і гібелі Аляксандра Коржыча, агучваўся вырак па «справе 17».

7 жніўня сусветныя СМІ абляцела навіна пра тое, што Марына Золатава была затрыманая разам з іншымі журналістамі. Іх падазравалі ў праглядзе навінаў дзяржаўнага інформагентсва БЕЛТА па зачыненай платнай падпісцы. Трое сутак галоўрэд правяла ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўразвяз, Рада Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

Першапачаткова галоўрэда TUT.BY падазравалі адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса – ч. 2 арт. 349 (Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, выкананы з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды) і ч. 2 арт. 425 КК (Бяздзейнасць службовай асобы). Але абвінавачванне было прад’яўлена паводле апошняга. Яна адзіная з 15 журналістаў і рэдактараў СМІ, якія праходзілі па справе, чыя справа дайшла да суду, і ў дачыненні да каго следства не спыніла крымінальны пераслед. Двойчы галоўнаму рэдактару парталу TUT.BY было адмоўлена ў задавальненні адпаведнага хадайніцтва згодна 86-й артыкулу КК. І ў выніку крымінальную справа ў дачыненні да Марыны Золатавай Генеральная пракуратура накіравала ў суд.

Гэты працэс можна назваць унікальным, упершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі будуць судзіць галоўнага рэдактара СМІ па абвінавачванні ў злачынстве, звязаным з прафесійнай дзейнасцю. Ужо вядома, што суддзя па «справе БЕЛТА» – Аляксандр Петраш.

Нагадаем, 7 жніўня ў офісах кампаніяў TUT.BY і БелаПАН прайшлі ператрусы і затрыманні. Былі затрыманыя галоўны рэдактар ​​TUT.BY Марына Золатава, рэдактары парталу Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, галоўны рэдактар ​​БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік інфармагенцыі Таццяна Каравянкова, уласкар «Нямецкай хвалі» Паўлюк Быкоўскі і рэдактар ​​інтэрнэт-сайту газеты «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў. Усе яны правялі па некалькі дзён у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. А ў канцы лістапада 2018 года былі вызвалены ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў, журналісты пакрылі і ўрон. Сумы розныя – ад 3 да 17 тысяч рублёў.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў