«Хранічная нерэнтабельнасць». Распачаўся суд па ліквідацыі «Мотавела»

ВІДЭА

Гісторыя развалу Мотавелазаводу ў нашым архіўным сюжэце

Мотавелазавод могуць ліквідаваць. Сёння адбудзецца паседжанне ў Эканамічным судзе Менску.

У студзені 2017 году бізнесоўца і інвестара «Мотавела» Аляксандра Мураўёва прысудзілі да 11 гадоў калоніі і канфіскацыі маёмасці – у тым ліку акцыяў «Мотавела». Летам мінулага году супраць Мураўёва распачалі новую крымінальную справу – за ўхіленне ад выплаты падаткаў.

«Я не думаю, што Мураўёў увогуле збіраўся гэты завод падтрымліваць у адпаведнасці з яго профілем. На мой погляд такія інвестары могуць разглядацца толькі як інвестары ў двукоссі, і прыходзяць для таго, каб зрабіць гэтае месца пустым і пабудаваць на ім нешта, што дае больш хуткую аддачу», – каментаваў тады «Белсату» сітуацыю на прадпрыемстве шэф-рэдактар «Экономической газеты» Леанід Фрыдкін.

У 2017 годзе кіраўніцтва заводу падало заяву на банкруцтва. У заяве, падпісанай былым мэрам Менску Мікалаем Ладуцькам, якога ўлады летась прызначылі дырэктарам прадпрыемства, гаварылася, што прычына – хранічная нерэнтабельнасць і неплацежаздольнасць.

Год таму кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёну Менску казаў, што «Мотавелазавод» могуць перанесці ў індустрыяльны парк «Вялікі камень».

Менскі Мотавелазавод быў заснаваны ў 1945 годзе. Прадукцыя заводу – матацыклы, грузавыя мотацялежкі і адпаведныя вырабы. У 1963 годзе пачаўся экспарт ровараў за мяжу. У 1983 годзе збылі 18-мільённы ровар. Да пачатку 1990-х выпуск матацыклаў давялі да 220 тыс. адзінак у год, паведамляецца на сайце прадпрыемства. У канцы 2005 году Аляксандр Лукашэнка сваім указам перавёў завод у дзяржаўную ўласнасць (97% акцыяў) за кошт падатковай запазычанасці ў $976 тыс і запазычанасці ў $4,903 млн за камунальныя плацяжы. У 2007 годзе Лукашэнка сваім указам прадаў «Мотавела» (99,72% акцыяў) за $7,276 млн аўстрыйскаму холдынгу «АТЭК» (ням. ATEC) Аляксандра Мураўёва, заснаванаму ў 2006 годзе ў Вене.

НМ, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары