Сёння ў Беларусі – Радаўніца. Дзень ушанавання памерлых продкаў


На 9-ты дзень пасля Вялікадня беларусы святкуюць Радаўніцу – «Вялікдзень памерлых». У гэты дзень звычайна наведваюць могілкі, але не прыбіраюцца там, а толькі нясуць кветкі і пачастункі продкам. На Вайсковых могілках у Менску традыцыйна зладзілі крыжовы шлях.

Абрад памінання праз трапезу на могілках бярэ свае вытокі ў язычніцтве. На магілках рассыпалі таксама зерне, каб частаваць душы продкаў, што часта прадстаўляліся ў беларускай традыцыі ў выглядзе птушак.

Праваслаўная царква і беларуская грэка-каталіцкая царква ўключылі традыцыю «Вялікадня памерлых» у свой культ, але праваслаўная царква не ўхваляе звычай пакідаць для памерлых ежу, бо лічыцца, што для супакаення духу мёртвых патрэбная толькі малітва.

Беларускія каталікі святкуюць Радаўніцу не так шырока, як дзень Усіх святых 1 лістапада. Але і яны ў гэты дзень ідуць на могілкі, памінаюць продкаў.

Сёння на Вайсковых могілках, па вуліцы Казлова у Менску прайшоў традыцыйны крыжовы шлях.

У сённяшняга свята ёсць некалькі варыянтаў наймення. Акрамя «Радаўніца» выкарыстоўваецца таксама «Радуніца», «Раданіца». Магчыма, назва звязаная з літоўскім словам raudine – «малітва за памерлых з плачам і галашэннем». Іншы варыянт паходжання назвы – праз корань «рад» – радавацца святу Вялікадня памерлых.

Самымі першымі па традыцыі павінны прыходзіць на могілкі сваякі нядаўна пахаваных нябожчыкаў. Таксама верылі, што той, хто першы прыйдзе на Радаўніцу на могілкі, пачуе ад сваіх продкаў параду, дзе знайсці скарб. У размове з продкамі прасілі таксама іх дапамогі ў веснавых работах, каб яны паспрыялі добраму ўраджаю і баранілі палеткі і жывёлу.

Беларусь – адзіная краіна, дзе Радаўніцу зрабілі дзяржаўным выходным днём. У нашых праваслаўных і каталіцкіх суседзяў такой практыкі няма.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў