Бабарыку і Цапкалу знялі з выбараў


Цэнтрвыбаркам 14 ліпеня агучвае спіс зарэгістраваных кандыдатаў на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах.

Паседжанне распачалося аб 11.00. На пачатку прадстаўнікі абласных выбарчых камісіяў прадставілі звесткі пра колькасць сабраных і правераных подпісаў за ўсіх патэнцыйных кандыдатаў. Лідзія Ярмошына пацікавілася ў выступоўцаў, ці здараліся канфлікты ў іхных вобласцях падчас збору подпісаў.

Па выніку праверкі подпісаў фармальнай нагоды адмовіць у рэгістрацыі Віктару Бабарыку не было. Разам з тым, заявіла Лідзія Ярмошына, у ЦВК паступіў ліст ад КДК, дзе адзначалася, што Бабарыка не пазначыў у сваёй дэкларацыі некаторую маёмасць, нерухомасць, а таксама сродкі, атрыманыя падкантрольнымі яму кампаніямі «Прыват Лізінг», «Прававы дыялог» і фірмамі ў афшорах.

Паводле яе, Дзяржкантроль таксама мае праўдзівыя факты атрымання Бабарыка замежнай фінансавай дапамогі ад «Газпраму».

Віктара Бабарыку не зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты

Віктар Бабарыка. Фота – belsat.eu

Ярмошына прапанавала ЦВК адмовіць Бабарыку ў рэгістрацыі «у сувязі з неадпаведнасцю прадстаўленай дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці» і тым, што ў ягонай кампаніі ўдзельнічалі замежныя структуры.

Юрыст, які прадстаўляе Бабарыку, Максім Знак, у сваім выступе адзначыў, што не ведаў пра ліст ад КДК, дзе фактычна адлюстраваная сутнасць абвінавачвання. З гэтым абвінавачваннем яшчэ не азнаёмілася абарона і яно не трапіла ў суд. Паводле юрыста, згаданыя Ярмошынай абставіны не з’яўляюцца перашкодай для рэгістрацыі кандыдата на прэзідэнта.

Але ЦВК аднагалосна прагаласавала за адмову ў рэгістрацыі Бабарыкі. Ён не будзе ўдзельнічаць у выбарах.

Валерый Цапкала таксама зняты з выбараў

Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Бараўлянаў. 4 чэрвеня 2020. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Паводле ЦВК, са 160 тысяч паданых за Цапкалу подпісаў сапраўдныя толькі 75 тысяч – гэтага не хапае для рэгістрацыі, што з’яўляецца безумоўнай падставай для адмовы ў рэгістрацыі. Акрамя таго, ЦВК выявіла неадпаведнасць у фінансавай дэкларацыі жонкі Цапкалы: там нібыта не пазначаныя акцыі, якімі яна валодае.

Каардынатар ініцыятыўнай групы вылучэнца Цапкалы Андрэй Ланкін звярнуў увагу на тое, што подпісы за прэтэндэнта масава не ўлічваліся з сумнеўных прычынаў, таму падставаў для адмовы ён не бачыць.

ЦВК адзінагалосна прыняў рашэнне адмовіць Валерыю Цапкала ў рэгістрацыі кандыдатам.

Ганна Канапацкая, Андрэй Дзмітрыеў, Сяргей Чэрачань – кандыдаты ў прэзідэнты

Ганна Канапацкая ў студыі «Белсату». Фота belsat.eu

ЦВК палічыла, што Ганна Канапацкая адпавядае ўсім патрабаванням для рэгістрацыі. Рашэнне зацвердзіць ейную кандыдатуру прынятае адзінагалосна.

Канапацкая прыняла свае пасведчанне кандыдата і заявіла, што спадзяецца на «справядлівыя выбары».

Пікет Андрэя Дзмітрыева па зборы подпісаў каля ўнівермагу «Беларусь», Менск. 9 чэрвеня 2020.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Дробныя несупадзенні ў дэкларацыі Андрэя Дзмітрыева не сталі перашкодай для рэгістрацыі.

«Я іду на выбары, бо ўпэўнены, што Беларусі патрэбны новы прэзідэнт. Калі я стану прэзідэнтам, прызначу новыя выбары», – сказаў ён.

Ён заявіў, што, на ягоную думку, мусілі быць зарэгістраванымі і Бабарыка, і Цапкала, і Ціханоўскі. Дзмітрыеў заклікаў вызваліць усіх палітвязняў, а Ярмошыну – забраць сваю заяву на Ціханоўскага. Пасля гэтага ў зале прагучалі авацыі.

Сяргей Чэрачань. Фота са старонкі ў фэйсбуку

Ярмошына пацікавілася ў Сяргея Чэрачня, ці хоча ён працягваць удзельнічаць у выбарчай кампаніі. ЦВК адзінагалосна задаволіў ягоную кандыдатуру.

«Я ўдзячны за маю рэгістрацыю. Па агульнай сітуацыі, якая адбываецца, у мяне асабіста няма словаў», – коратка выказаўся ён.

Святлана Ціханоўская зарэгістраваная

Святлана Ціханоўская. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Пры разглядзе кандыдатуры Святланы Ціханоўскай у ЦВК паўстала пытанне да дэкларацыі: не была пазначаная ейная доля ў кампаніі «Хайв проджэкт», а таксама дом Сяргея Ціханоўскага ў Гомельскай вобласці.

Святлана Ціханоўская заявіла, што інфармацыі пра завяршэнне ўгоды куплі-продажу па доме ў яе няма, а ўсе дакументы былі вынятыя падчас вобшуку. Камісія абмяркоўвала, ці ўлічваць гэтую недакладнасць у дэкларацыі.

«Не хацелася б змяншаць колькасць кандыдатаў» – заявіла Ярмошына і прапанавала зарэгістраваць яе.

ЦВК аднагалосна зацвердзіў кандыдатуру Ціханоўскай. Яна атрымала свае пасведчанне кандыдата.

«Я спадзяюся на вельмі вялікія перамены ў гэтым годзе», – сказала Ціханоўская.

Лукашэнка стаў кандыдатам у шосты раз

Аляксандр Лукашэнка ў Александрыі.
Фота: president.gov.by

ЦВК аднагалосна прагаласавала за рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік ягонага штабу Міхаіл Орда заклікаў правесці выбары «без правакацыяў і ўзрушэнняў».

Такім чынам, удзел у выбарчыя бюлетэні сёлета патрапяць 5 кандыдатаў.

Галоўнае пра выбарчую кампанію

Усяго патэнцыйных кандыдатаў было сямёра. Гэта Віктар Бабарыка, Валерый Цапкала, Святлана Ціханоўская, Аляксандр Лукашэнка, Ганна Канапацкая, Сяргей Чэрачань і Андрэй Дзмітрыеў. Усе яны заявілі, што сабралі неабходныя для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў.

Рэгістрацыя мусіла адбыцца з 5 па 14 ліпеня, аднак ЦВК вырашыў правесці паседжанне ў апошні магчымы дзень.

На этапе праверкі подпісаў тэрытарыяльныя камісіі масава адкідвалі подпісы за Бабарыку і Цапкалу. Штаб апошняга выявіў памылкі ў працэдуры праверкі і накіраваў скаргу ў ЦВК, далучыўшы подпісы рэальных грамадзянаў, якія раней былі прызнаныя несапраўднымі.

Фармальных перашкодаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі ўзнікнуць не павінна, хаця ён і знаходзіцца ў СІЗА КДБ па «справе Белгазпрамбанку», яго вінавацяць у «адмыванні» грошай, дачы хабару і ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Уся перадвыбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць ва ўмовах рэпрэсіяў супраць апазіцыйных палітыкаў, блогераў, грамадскіх актывістаў, журналістаў і звычайных грамадзянаў. На сённяшні дзень 24 асобы прызнаныя палітвязнямі, 22 з іх застаюцца за кратамі. Усяго ад пачатку кампаніі былі затрыманыя больш за 700 чалавек, сотні былі пакараныя адміністратыўна.

Hавiны
Ад пачатку выбарчай кампаніі ў Беларусі былі затрыманыя больш за 700 чалавек
2020.07.13 11:57

Паводле заканадаўства, пасля рэгістрацыі кандыдаты ў прэзідэнты могуць пачынаць агітацыю. Усяго месцаў для агітацыі ў Менску вылучылі шэсць – і ўсе яны не ў цэнтры гораду. Ні ў адным буйным горадзе сёлета не дазволена агітаваць у цэнтры. Лідзія Ярмошына сцвярджала, што такое рашэнне прынялі, бо Сяргей Ціханоўскі нібыта «ператварыў пікеты па зборы подпісаў у палітычныя агрэсіўныя мерапрыемствы».

Кандыдаты на прэзідэнта таксама выступяць у эфіры дзяржаўнага тэлебачання і радыё. Аляксандр Лукашэнка ў дэбатах удзелу не бярэ. Да 19 ліпеня кандыдаты перададуць у медыі тэксты сваіх перадвыбарных праграмаў. Выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя на 9 жніўня.

КА belsat.eu

 

Стужка навінаў