У Маладзечне судзяць настаўніц Вікторыі Папчэні. Бацькі школьніцы лічаць, што педагогі вінаватыя


Жанчыны цалкам прызналі віну. Ім пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі. Ірыну Апанасевіч (выкладае фізіку) і Вольгу Завадскую (французскую мову) абвінавачваюць у «неналежным забеспячэнні кантролю за дзецьмі на полі».

Бацькі школьніц лiчаць, што настаўнiцы вiнаватыя, бо « даверылi лёс дзяцей, а яны не даглядзелi».

На групу з 20-ці дзяцей настаўніц было двое. Пры гэтым у Вікі Папчэні былі праблемы з вушамі: дзеля лячэння атыту лекар раіў ёй закрываць вушы ватаю, і набліжэння грузавіка яна магла проста не пачуць.

Раней настаўніцы былі сведкамі на працэсе над 22-гадовым кіроўцам Паўлам Цыбіным. Яго пакаралі 3 гадамі абмежавання волі ў выпраўленчай установе адкрытага тыпу. Гэта ён быў за стырном МАЗу, які ехаў заднім ходам і ненаўмысна задавіў васьмікласніцу на бульбяным полі напрыканцы верасня летась. На судзе бацькі загінулай выстаўляць прэтэнзіі кіроўцу адмовіліся.

Прэтэнзіі бацькі Вікі мелі да чыноўнікаў і да сістэмы, што змусіла іхную дачку да працы «на бульбе». Бацька Вікі Алег Папчэня патрабаваў спецыяльнага расследавання справы.

Аднак кіраўніцтва з сельска-прамысловага комплексу «Усход-Агра», на чыім полі загінула 8-класніца, адказнасці не панесла. Менскі абласны суд адмовіўся прызнаць дачыненні паміж комплексам і загінулай працоўнымі.

Адпаведна з беларускім законам, заключаць працоўныя дамовы можна толькі з чалавекам, якому ўжо споўнілася 14. Вікторыі было 13. Чыноўнікі націснулі на тое, што «на бульбе» яна не працавала, а ўдзельнічала ў «выхаваўчым працэсе». У расследаванні адмовілі.

Праваабаронцы звяртаюць увагу на бяспраўнасць савецкай традыцыі, калі школьнікаў і студэнтаў прымушаюць бясплатна выконваць сельска-гаспадарчыя працы. Найлепшым выйсцем было б спыніць гэткую практыку, а не пераводзіць віну на асобных людзей.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў