Збітага падчас мясцовых выбараў Андруся Козела аштрафавалі на 735 рублёў


7 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёну Менску разглядаюць дапрацаваную справу Андруся Козела наконт збіцця ў час выбараў. Аператара судзяць за «непадпарадкаванне міліцыянтам». Журналісту можа пагражаць штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў (490-1225 рублёў) альбо адміністратыўны арышт да 15 содняў.

Паводле міліцыі, журналіст незаконна здымаў працэдуру падліку галасоў на мясцовых выбарах, а потым адмовіўся пакінуць памяшканне на патрабаванне праваахоўнікаў. У пратаколе напісана, што Андрусь «хапаўся за форму, упіраўся нагамі і падаў на падлогу».

Пачатак паседжання а 10:00.

«Па дапрацаванню справы з’явілася цікавая фраза пра «таямніцу падліку галасоў». Мне таксама прыйшоў адказ ад Ярмошынай, у якім пазначана, што здымаць нельга. На абскарджанне ёсць 10 дзён, але адказы мне прыйшлі ў апошні дзень, і я нават не магу іх абскардзіць», – распавядае Андрусь Козел перад пачаткам паседжання.


12:30 Андруся Козела прызналі вінаватым. Ігар Касцян прысудзіў яму 30 базавых велічыняў (735 рублёў).

12:00 Суддзя сышоў для прыняцця рашэння.

11:21 Суддзя пагадзіўся на прагляд відэазапісаў Андруся Козела.

Адвакат Сяргей Зікрацкі падсумаваў сабраныя доказы.

«Відавочна, патрабаванне спыніць відэазапіс былі незаконнымі, бо Выбарчы кодэкс гэта не забараняе. Патрабаванне пакінуць участак таксама было незаконным».

11:00 Сведчыць назіральнік Францішак Дзядоў. Распавядае, як Бушынкскі патрабаваў паказаць тэлефон і спыніць здымкі, як скруцілі Андруся і павалілі на падлогу. Адзначае, што Андрусь быў у такім становішчы, што не мог ударыць міліцыянта і супраціўляцца. Хлопец дадае, што камісія не ведала выбарчага заканаўства. Ён спрабаваў падаць дзве скаргі, але іх нават не прынялі.

«Я хацеў зрабіць некалькі здымкаў на ўчастку, але старшыня камісіі папярэдзіла: «Будзеш ляжаць, як ён!»», – кажа хлопец.

10:40 Анрусь Козел выступіў перад суддзём і распавёў пра падзеі вечара 18 лютага. Цяпер у зал суду выклікалі прапаршчыка Бушынскага. Распавядае сваю версію: Андрусь Козел тайна здымаў падчас падліку галасоў, не рэагаваў на просьбы і заўвагі схаваць камеру, спачатку не супраціўляўся і фізічная сіла не прымянялася, пасля каля дзвярэй «пачаў актыўнае супраціўленне і хацеў ударыць наводмаш», пасля чаго прымянілі сілу.

Адвакат пытае Бушынскага, як відэаздымкі перашкаджалі падліку галасоў, і калі яму даюць незаконныя загады, ці ён падпарадкоўваецца. Бушынскі кажа, што вагаецца адказаць.

10:10 Суддзя зачытаў новы пратакол супраць журналіста. Андрусь не прызнае віну.

«Я нічога не парушаў, а супрацоўнік міліцыі не змог патлумачыць, што я парушаю. Падставаў для забароны не было, ён пайшоў размаўляць па тэлефоне і сказаў, што я адмаўляюся падпарадкавацца».

10:05 Суддзя Іван Касцян задаволіў хадайніцтва, каб Андруся прадстаўляў адвакат Сяргей Зірацкі. Таксама дазволіў, каб паказанні даў сведка Францішак Дзядоў, які бачыў, як затрымлівалі Андруся. Касцян таксама адхіліў хадайніцтва пра відэа і фотаздымкі падчас працэсу.

На судзе сёння мелася выступіць новая сведка – старшыня камісіі Таццяна Новікава, якая папрасіла выдаліць Андруся Козела з участку. Яна не з’явілася. На суд прыйшла намесніца старшыня камісіі, але яна сядзела ў зале суду, таму не магла быць сведкаю. Міліцыянт Уладзіслаў Бушынскі, які збіваў Андруся, таксама з’явіўся.

***

Журналіста збіў міліцыянт Уладзіслаў Бушынскі падчас стрыму з аднаго з выбарчых участкаў у Менску 18 лютага. Праваахоўнікі разбілі яму галаву аб дзверы выбарчага ўчастку. Наш калега быў на выбарах назіральнікам і вёў відэастрым у сваім прыватным акаўнце на «Фэйсбуку». Ноч ён правёў на Акрэсціна.

«Тры разы ўдарылі па галаве, білі па рэбрах і нырках. Цяпер вельмі баліць галава, ніякай медычнай дапамогі не аказалі, усе просьбы ігнаравалі. У мяне ўсё было ў крыві», – распавядаў падчас першага паседжання Андрусь Козел.

 

Стужка навінаў