Бізнесоўца Кныровіча абвінавацілі ў няплаце падаткаў на 3,3 млн

ВІДЭА

18 красавіка бізнесовец паўстаў перад судом Фрунзенскага раёну сталіцы. Кныровіча абвінавачваць у нявыплаце падаткаў на 3,3 млн рублёў і дачы хабару на суму больш за 16 тысяч рублёў.

Працэс пачынаецца са спазненнем на 20 хвiлiнаў. У родных падсудных праверылi пашпарты. Запусцiлi адвакатаў, потым родных i блiзкiх.

Зала Фрунзенскага суду запоўненая амаль цалкам: прыйшло шмат журналістаў, прысутнічаюць сваякі абвінавачаных. На лаве падсудных – 5 чалавек. Акрамя Аляксандра Кныровіча, за ўхіленне ад выплаты падаткаў і хабарніцтва судзяць супрацоўнікаў «СарматТэрма-Інжынірынг» намесніка дырэктара па эканоміцы Ігара Максімава, намесніка па продажам Яўгена Папоўскага, галоўнага эканаміста Андрэя Кускова і безпрацоўнага Уладзіміра Дашкевіча.

Усіх іх арыштавалі 25 студзеня 2017 года – у той жа дзень, калі і Кныровіча.

Адвакат абвінавачанага Ігара Максімава папрасіла змяніць меру стрымання на падпіску аб нявыездзе. Ён ветэран вайны ў Афганістане. Пасля шэрагу аперацыяў знаходзіцца на анкалагічным уліку, мае цяжкія захворванні Паводле адваката, ён не ўяўляе небяспекі для грамадства і патрабуе спецыяльнага дагляду. На думку пракурора, Максімаў можа хавацца ад следства, таму меру стрымання змяняць не лічыць патрэбным. Калі суд сышоў для прыняцця рашэння па гэтым хадайніцтве, усіх прысутных папрасілі пакінуць залу.

Суддзя Юлія Крэпская не задаволіла хадайнiцтва аб змяненнi меры стрымання.

Сведкі да пачатку працэсу не выклікаліся, яны будуць выкліканыя пазней. Падчас перапынку змяніўся дзяржаўны абвінаваўца. З чым гэта звязана – не ўдакладняецца. Пракурор Аксана Дудко зачытала абвінавачванне.

2 млн 963 рублі склала, паводле следства, матэрыяльная шкода ад незаконнай дзейнасці абвінавачаных.

Пракурор сцвярджае, што для заніжэння падатковай базы кампанія Кныровіча выкарыстоўвала адмыслова створаную ў Санкт-Пецярбурзе кампанію «СТІ-трэйдынг». Яе заснавальнікам стала маці Кныровіча, «непаінфармаваная пра ролю структуры».

У суддзе абвесцілі перапынак да 14:15.

Пасля перапынку пракурор зноў змяніўся па неназванай прычыне. Працягваюць зачытваць абвінавачванне.

***

За кратамі Кныровіч правеў амаль паўтара года. Яго абвінавацілі ў нясплаце падаткаў на суму каля паўтара мільёна долараў, а таксама – у даванні хабару. Кныровіч віны не прызнаў.

44-гадовы бізнес-анёл, мадэратар майстар-класаў для паспяховых стартапераў, аўтар блогу «Вынікі Кныровіча» з’яўляецца сузаснавальнікам групы кампаніяў «Сармат». Гэта будаўнічы холдынг, у структуру якога ўваходзіць і ТАА «СарматТэрма-Інжынірынг».

Бізнесовец публічна не пагаджаўся з пазіцыяй уладаў Беларусі ў шэрагу пунктаў. Гэтак, увосень 2016 года ён скардзіўся, што дзяржава пакінула малы і сярэдні бізнес сам-насам са сваймі праблемамі.

Шмат хто з беларускага бізнес-асяроддзя ўпэўнены, што справа Кныровіча мае перадусім дачыненне да ягоных публічных каментароў. Сярод іншага, ён ацэньваў прыблізны кошт 17-й рэзідэнцыі кіраўніка краіны, якую летась знайшлі журналісты «Белсату». Гэта быў ягоны апошні каментар медыям да затрымання.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары