Старт міжнароднага тэатральнага форуму «МАРТ-кантакт» у Магілёве. Распавядаем самае цікавае


21 сакавіка ў Магілёве распачынаецца XIV маладзёвы міжнародны тэатральны форум «МАРТ-кантакт». Падзея значная для ўсёй краіны. Кажуць, што « МАРТ-кантакт» правакуе такую з’яву, як тэатральны турызм. На фестываль з’язджаюцца тэатры і крытыкі з дзесяці краінаў свету, а гледачы – з усёй Беларусі. Прычым некаторыя робяць гэта ўжо не першы год.

Моладзевы кірунак і міжнародная супраца – дзве асаблівасці сёлетняга фестывалю

У форума ўжо ёсць свая сталая публіка, людзі скупляюць квіткі на ўсе спектаклі, бо ведаюць: «МАРТ-кантакт» дрэннага не пакажа. І ўсё дзеля таго, каб пажыць тыдзень у казачнай і нерэальнай атмасферы мастацтва і творчасці.

Акцэнт на моладзі

Форум «МАРТ-кантакт» заўсёды быў і застаецца пра моладзь, для моладзі і з удзелам моладзі. Хаця тэмы ўздымае, актуальныя для ўсіх пакаленняў: масавая культура і інтэрнэт, свабода і палітыка, каханне і адзінота.

Гэтым разам маладую аўдыторыю ў першую чаргу зацікавіць незвычайны праект «ЦеШо», які прадставілі ўкраінскія цэнтр сучаснага мастацтва «ДАХ» і «Тэатр-Пральня». Сацыяльны рэйв-бэнд «ЦеШо» – гэта сінтэз тэатру ў музыцы і музыцы ў тэатры. Прадзюсар і рэжысёр «ЦеШо» – Уладзіслаў Троіцкі. Ён вядомы, як заснавальнік фестывалю «Гогольfest» і інтэлектуальнага фрык-кабарэ Dakh Daughters. Ягоны праект «ЦеШо» – гэта жывая музыка, дыджэінг і відэакалаж, але разам з тым, гэта яшчэ і прапанова гледачу падумаць тут і зараз пра сучаснае грамадства і сваё месца ў гэтым грамадстве.

Усяго ў межах асноўнай праграмы форуму ў 2019 годзе плануецца паказ 23 спектакляў 23 тэатраў і незалежных тэатральных праектаў з Беларусі, Расеі, Грузіі, Латвіі, Арменіі, Украіны, Ізраіля, Прыднястроўя, Польшчы і Літвы. Традыцыйна форум скончыцца ў міжнародны дзень тэатру 27 сакавіка.

Незвыклыя пляцоўкі абіраюць рэжысёры для паказу сваіх спектакляў. Арт-группа «Мёд і пыл» са Славаччыны паказала на МАРТ-кантакце 2018 імправізацыю «Прыгожае і жудаснае» у залі мастацкага музею імя Паўла Масленікава

Тры спектаклі ад аднаго рэжысёра

Традыцыйна ў першую чаргу разыходзяцца квіткі на адкрыццё і закрыццё форуму. Публіка лічыць, а можа і ведае, што ў гэтыя дні дакладна не расчаруецца ў спектаклях.

«МАРТ-кантакт 2019» распачынае пастаноўка маладога ўкраінскага рэжысёра Стаса Жыркова «ГЭТАМЫ». Гэта сумесная праца Стаса Жыркова з беларускімі артыстамі, у аснове якой ляжыць кніга Андруся Горвата «Радзіва «Прудок». Як вы ўжо здагадаліся, спектакль ідзе на беларускай мове.

Пастаноўка «ГЭТАМЫ» – гэта вясёлая і сумная гісторыя, якая прымушае гледача то смяяцца, то плакаць, але ў цэлым аказвае станоўчае тэрапеўтычнае ўздзеянне, нібы штуршок ці энергетык.

У 2018 годзе Стас Жыркоў прывозіў на «МАРТ-кантакт» пастаноўку «Тата, ты мяне любіў?» па п’есе беларускага драматурга

Цікава, што сёлета на форуме будуць прадстаўлены тры пастаноўкі Стаса Жыркова. Акрамя спектаклю «ГЭТАМЫ», рэжысёр прывязе нядаўнюю прэм’еру Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі спектакль «Паляванне на сябе». Пра дарослага чалавека, які на справе аказваецца яшчэ дзіцём, якому трэба разабрацца ва ўласным жыцці. Спектакль ідзе на трох мовах: расейскай, беларускай і на трасянцы.

І трэці спектакль ад Стаса Жыркова – «Яна яго любіла» у выкананні актораў Адэскага акадэмічнага ўкраінскага музычна-драматычнага тэатру ім. В. Васылька. Гэта спектакль пра каханне ў эпоху «Facebook». У аснову пакладзена п’еса маладога беларускага драматурга Андрэя Іванова «З вучылішча».

Зонг-вопера «Медэя» на сцэне «МАРТ-кантакту 2018»

Чым здзівяць беларускія тэатры?

У праграме «МАРТ-кантакту» прадстаўлены тэатры з Берасця, Гомлю, Менску і Магілёва. Берасцейскі акадэмічны тэатр драмы ім. Ленінскага камсамолу Беларусі прадставіць спектакль малой формы «За крапівой бераг», прысвечаны жыццю паэта Сяргея Ясеніна і створаны па матывах яго твораў. Паказ адбудзецца ў самы першы дзень форуму перад цырымоніяй афіцыйнага адкрыцця.

Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр пакажа кухонны баявік «Каралева прыгажосці», створаны па знакамітай пʼесе Марціна МакДонаха. Спектакль паставіў беларускі рэжысёр Віталь Краўчанка. У мінулым годзе ягоны спектакль «Метад» на «МАРТ-кантакце» стаў лепшым па выніках галасавання ў інтэрнэце, а сёлета адзначаны Нацыянальнай тэатральнай прэміяй у намінацыі «Лепшы спектакль тэатру драмы малой формы».

«М.art.кантакт». Што крыецца за гэтай назвай? Гэта сапраўднае свята тэатральнага мастацтва

Менск прадставіць Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, які пакажа спектакль пра правінцыйных чыноўнікаў – «Рэвізор». Знакамітую камедыю Гогаля паставілі рэжысёры Мікалай Пінігін і Дзмітрый Цішко. На ліку «Рэвізора» удзел у Міжнародным форуме тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» і Міжнародным тэатральным фэсце «Белая вежа», а таксама ўзнагароды: лепшы спектакль, лепшая праца рэжысёра і лепшая мужчынская роля.

Магілёў падрыхтаваў для форуму адну прэм’еру і адзін ужо апрабаваны спектакль. Магілёўскі абласны тэатр лялек упершыню пакажа спектакль для дарослых «Кандыд, або аптымізм». Ставіць яго галоўны рэжысёр тэатру, шматразовы Лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Ігар Казакоў.

А Магілёўскі абласны драматычны тэатр пакажа спектакль паводле апавядання Васіля Быкава «Жоўты пясочак». Ён нарадзіўся ў майстэрні маладой рэжысуры падчас мінулага форуму ў маладой рэжысёркі Камілі Хусаінавай. Магілёўскае грамадства вельмі добра сустрэла «Жоўты пясочак».

У мінулым годзе ў форуме браў удзел спектакль «Майстар голаду» у пастаноўцы класіка літоўскага метафарычнага тэатру Эймунтаса Някрошуса

Міжнародная супраца

«МАРТ-кантакт» пакажа і іншыя цікавыя супольныя праекты. Адзін з іх – спектакль «Дванаццатая ноч» па Шэкспіру, пастаўлены беларускім рэжысёрам Міхаілам Лашыцкім з трупай грузінскага Тэлаўскага Дзяржаўнага прафесійнага драматычнага тэатру імя Важа-Пшавела. Другі прыклад міжнароднага супрацоўніцтва – сучасная версія Чэхава «Вішнёвы сад», якую паставіў на сцэне Новага тэатру ў польскім горадзе Забжэ грузінскі рэжысёр Давід Мгебрышвілі. На форуме спектакль будзе ісці на польскай мове ў суправаджэнні субтытраў. Малдаўска-ізраільскі праект прадставіць спектакль малой формы «А мы адно для аднога – цені». Гэта вершаваная драма паводле твораў Марыны Цвятаевай. У праекце бяруць удзел Прыднястроўскі дзяржаўны тэатр драмы і камедыі ім. Н.С.Аранецкой (г. Тэрэспаль) і ізраільскі тэатр «Лесвіца».

Пластыка і харэаграфія

Эпатажныя сюжэты з жыцця адной дзяржавы ў смелым і надзённым спектаклі «Голы кароль» ад Дзяржаўнага Даўгаўпілскага тэатру (Латвія). У пластычнай пастаноўцы шмат аголенага цела, а яшчэ ў ім паўстаюць тэмы сучаснай сусветнай палітыкі. Напрыклад, ілжывасць і крывадушнасць таталітарных уладаў пад выглядам развіцця дэмакратыі, ці сучасная масавая культура, якая спрабуе заглушыць індывідуальнасць і стварыць безаблічную натоўп.

Тэатр (Не) Нарматыўнай Пластыкі з Санкт-Пецярбургу пакажа монаспектакль «Сібір». Гэта драма, якая вяртае нас са свету ілюзіяй у рэальнасць, дзе можна ацаніць пражытае жыццё і задаць сабе самыя важныя пытанні.

Рэкамендаваны да прагляду яшчэ адзін монаспектакль «Мая сямʼя ў маім чамадане». Ён распавядае пра карабахскую вайну і рэальны эпізод з дзяцінства актрысы Нарынэ Грыгаран. Яе сямʼі выдалася магчымасць выратаваць аднаго з сваіх дзяцей. Але толькі аднаго!

Штодзень у праграме форуму стаіць па 3-4 спектаклі

Класіка, давай, пака?

Не, класіка дагэтуль актуальна і мае свайго сталага гледача. Яна нікуды не падзелася і на «МАРТ-кантакце» займае сваё пачэснае месца – прыкладна 50% афішы.

Феерычна і яскрава форум закрые Пскоўскі акадэмічны тэатр драмы імя А.С. Пушкіна пастаноўкай «Каштанка». Рэжысёр – вядучая актрыса Маскоўскага драматычнага тэатру на Малой Броннай Юлія Перасільд. Чэхаўская «Каштанка» ператвараецца ў «rock & гісторыю» пра драматычны лёс сучаснай маладой дзяўчыны, якая гадавалася ў двары і стала «зоркай».

Традыцыйна на наступны дзень пасля паказу будуць адбывацца абмеркаванні ўсіх спектакляў з крытыкамі.

Камедыя-прытча «Уражай» па п’есе вядомага беларускага драматурга Паўла Пряжко ад маскоўскага губернскага тэатру на «МАРТ-кантакт 2018».

Па за межамі асноўнай праграмы – гульня і майстар-класы

23 сакавіка ў Магілёўскім драматычным тэатры адбудзецца ролевая гульня жывога дзеяння па матывах пʼесы «Бзік» беларускага драматурга Аляксея Макейчыка. Гейм-майстар мадэлюе сітуацыю, а гульцы ўдзельнічаюць у ёй у ролі персанажаў. У гэтым выпадку гульня будзе прысвечана праблемам нарказалежнасці.

24 сакавіка адбудзецца лекцыя ў незвычайным месцы на тэму «Сучасная драматургія: любіць ці ненавідзець?» Тэатразнаўца Анастасія Васілевіч раскажа, як праходзіла станаўленне «новай драмы», чым жыве сучасная беларуская драматургія і чаму «маргінальныя» пʼесы выходзяць на сцэны вядомых тэатраў, а рэжысёры часам выбіраюць для пастаноўкі тэкст у адзін радок.

Два майстар-класы для актораў правядуць мастацкі кіраўнік Санкт-пецярбургскага тэатру «Майстэрня» Рыгор Казлоў і мастацкі кіраўнік «Невялікага драматычнага тэатру» таксама з Санкт-Пецярбургу Леў Арынбург.

На працягу фестывальнага тыдня будзе працаваць традыцыйная для форуму Майстэрня маладой рэжысуры. Рэжысёр Уланмырза Карыпбаеў правядзе з магілёўскімі акторамі рэпетыцыі эскізу спектакля «Матчына поле» па расказу Ч. Айтматава.

Спектаклі форуму будуць прадстаўлены на традыцыйных пляцоўках – асноўнай і малой сцэнах Магілёўскага абласнога драматычнага тэатру, Магілёўскага абласнога тэатру лялек, канцэртнай залы «Магілёў», а таксама ўпершыню – на сцэне Абласнога цэнтру творчасці.

Цырымонія адкрыцця форуму «МАРТ-кантакт» пройдзе на галоўнай сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатру 21 сакавіка ў 19:00. Адразу ж пасля вітальных словаў арганізатараў форуму адбудзецца паказ спектакля па аднайменнай пʼесе Мальера – «Тарцюф» Санкт-пецярбургскага тэатру «Майстэрня».

Вольга Васільева, фота аўтара belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары