«Сёння пікетаў няма». Хто і як збірае подпісы за Лукашэнку?


Фота: «Белсат»

Аляксандр Лукашэнка яшчэ 25 траўня заявіў, што ініцыятыўная група сабрала «каля 200 тысяч подпісаў» за ягонае вылучэнне кандыдатам на сёлетніх выбарах. Людзі скардзіліся СМІ, што іх прымушаюць падпісвацца за Лукашэнку на працы пад пагрозаю звальнення, аднак кіраўнік перадвыбарчага штабу Міхаіл Орда гэта зняпраўдзіў. Belsat.eu разбіраўся, хто ды як збірае подпісы за дзейнага кіраўніка дзяржавы і дзе ў сталіцы можна знайсці ягоныя пікеты.

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў распачаўся 21 траўня. У ініцыятыўную групу Лукашэнкі (найбуйнейшую сярод усіх) уваходзяць больш за 11 тысяч чалавек. Як тлумачылі раней журналістам у праўладным грамадскім аб’яднанні «Белая Русь», такой колькасці подпісаў удалося дасягнуць пераважна за кошт уласных чальцоў – іх 190 тысяч.

Hавiны
Беларусы скардзяцца на прымус паставіць подпіс за Лукашэнку, Орда кажа, што гэта фэйк
2020.05.28 14:40

«Плюс мы збіраем праз грамадскія прыёмныя, у абедзенны час збіраем, пасля працы збіраем. На пікеты выйшлі», – казаў tut.by намеснік старшыні «Белай Русі» Аляксандр Шацько. У аб’яднанні таксама паведамілі, што 25 траўня пікет стаяў ля будынку Міністэрства працы і сацыяльнай абароны з 13-й да 14-й гадзіны.

Мы пацікавіліся, дзе сёння можна знайсці пікеты Лукашэнкі і якія дзяржаўныя арганізацыі іх ладзяць.

БРСМ: Графіці і хэштэг

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ) на сваім афіцыйным сайце змясціў вялікі банэр з надпісам «Наш выбар» і хэштэгам #раЗАм. БРСМ традыцыйна падтрымлівае дзейную ўладу: на восеньскіх выбарах у Палату прадстаўнікоў яны збіралі подпісы за праўладных кандытатаў, якія ў выніку сталі дэпутатамі.

«Моладзевы саюз уключыўся ў кампанію па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, падмацаваўшы свае калектыўнае жаданне быць у эпіцэнтры электаральных працэсаў краіны», – гаворыцца ў паведамленні.

Саюз ужо нібыта высунуў сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, а хлопцы і дзяўчаты распачалі працу ў складзе ініцыятыўнай групы Лукашэнкі. Аднак у чым заключаецца гэтая праца на дадзеным этапе?

Паводле інфармацыі на сайце, у ініцыятыўную групу №1 уваходзяць 1010 чальцоў БРСМ. «З 20 траўня яны займаюцца зборам подпісаў за нашага прэтэндэнта, выконваючы пры гэтым усе меры бяспекі і правілы рэспіраторнага этыкету», – адзначаецца там.

На пытанне, дзе ў сталіцы сёння можна наведаць пікет, у прыёмнай Менскай гарадской арганізацыі БРСМ кажуць: «Звяртайцеся ў раённую адміністрацыю». Звестак пра пікеты ў наступныя дні нам таксама не змаглі надаць. Ні ў адной сацыяльнай сетцы інфармацыю пра час і месца пікетаў БРСМ не публікуе.

Затое ў сацсетках саюз хваліцца, што актывісты і студэнты намалявалі графіці ў раёне Курасоўшчына. На мурале даўжынёй 350 метраў – надпіс «Разам 2020», арнаменты, зубры, камбайны.

Адміністрацыі раёнаў і ЦВК: Звяртайцеся ў «Белую Русь»

Як нам і параілі ў БРСМ, мы патэлефанавалі ў адміністрацыі адразу некалькіх сталічных раёнаў.

«Пікетаў пакуль няма, я не ведаю. Пакуль не бачу па Савецкім раёне. Але вы можаце здаць свой подпіс у грамадскай прыёмнай «Белай Русі». Там яны ў масачках сядзяць, у пальчатках, у іх там усе ўмовы ёсць, усё нармальна», – кажуць ва ўпраўленні ідэалогіі адміністрацыі Савецкага раёну.

У Цэнтральным раёне раяць звяртацца ў ЦВК.

«Не ведаю. Гэтая інфармацыя ёсць у выбарчай камісіі. Адміністрацыя правядзеннем выбараў не займаецца», – сказалі ў прыёмнай.

Цэнтрвыбаркам на час выбарчай кампаніі зладзіў дадатковую тэлефонную лінію для інфармавання грамадзянаў.

«Справа ў тым, што мы не вядзем дзейнасць ініцыятыўных групаў, яны нам не справаздачыцца, дзе будуць выстаўляць пікеты. Але зараз я паспрабую паглядзець у інтэрнэце… Ведаеце, я не бачу наўпрост, каб былі пікеты недзе ў Менску», – адзначылі ў ЦВК і парэкамендавалі запытаць у «Белай Русі».

«Сёння пікетаў няма. «Белая Русь» пікеты не выстаўляе сёння, калі будзе – я не ў курсе. Давайце я вас лепш зарыентую, куды можна падысці ў грамадскую прыёмную! І па любых пытаннях, канешне, звяртайцеся ў штаб, у прафсаюзы», – сказала прадстаўніца менскай гарадской арганізацыі «Белай Русі».

У Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, чый кіраўнік Міхаіл Орда адначасова ўзначальвае ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі, цягам усяго дня ў пятніцу на тэлефанаванні не адказвалі.

Непапулярная грамадская прыёмная

Мы накіраваліся ў грамадскую прыёмную «Белай Русі» у Савецкім раёне Менску, каб на яе прыкладзе паглядзець, наколькі актыўна туды прыходзяць ахвотныя пакінуць подпіс.

Фота: Belsat.eu

Цягам гадзіны, што мы правялі ля офісу на вуліцы Кульман, туды зайшлі ўсяго 4 асобы – збольшага працаўнікі «Белай Русі». На вуліцы ля непрыкметнага памяшкання няма ніякіх апазнавальных знакаў, якія б прыцягвалі ўвагу патэнцыйных падпісантаў. Маленькі аркуш паперы на дзвярах заўважны толькі зблізу.

Фота: Belsat.eu

Мужчына, які назваўся Арцёмам, сказаў, што прыйшоў забіраць білеты для новых чальцоў «Белай Русі» з ягонай працы – каледжу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Кедышка. «У нас прыйшлі новыя працаўнікі, 8 чалавек, іх сагітавалі, што ў нас калектыў падтрымлівае гэтую грамадскую арганізацыю і яны выказалі жаданне ўступіць».

Арцём – таксама ў «Белай Русі», аднак у ініцыятыўную групу Лукашэнкі не ўваходзіць. Кажа, што ў каледжы ёсць чальцы групы, якія збіраюць подпісы.

Фота: Belsat.eu

«Гэта ўсяго толькі высоўванне [кандыдатаў]. Я хачу бачыць у бюлетэнях людзей, з якіх потым можна будзе выбраць. Канкурэнцыя павінна быць. Калі там будзе адзін-два чалавекі – гэта нецікава. Я падпісваўся не толькі за дзейнага прэзідэнта, я і да іншых пікетаў падыходзіў і падпісваўся. А 9 жніўня я прыйду і зраблю свой выбар», – патлумачыў наш суразмоўца.

Таццяна працуе ў дзяржаўнай арганізацыі і пакінула свой подпіс за вылучэнне Лукашэнкі, бо яе задавальняе ягоная сацыяльная палітыка. Яна дадае,, што на выбары пойдзе абавязкова,а на пытанне, ці верыць, што галасы палічаць правільна, кажа:

«Я хачу распавесці, што бачыла на ўласныя вочы: так, іх лічылі. Я ўваходзіла і сёлета буду ўваходзіць у выбарчую камісію, нам давалі дадзеныя, мы ўсё гэта запісвалі правільна».

***

Сбор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты працягнецца да 19 чэрвеня. Усяго ў ім удзельнічаюць 15 ініцыятыўных групаў. Выбары прэзідэнта ў беларусі прызначаныя на 9 жніўня.

КА belsat.eu

Стужка навінаў