Сёння Палата прадстаўнікоў разгледзіць змены ў закон аб СМІ


«Аб’ектыў» пра змены ў закон аб СМІ

Беларускія дэпутаты ў першым чытанні разгледзяць змены ў закон аб СМІ. Згодна з праўкамі, можа быць уведзеная абавязковая ідэнтыфікацыя каментатараў і карыстальнікаў форумаў.

Пра разгляд зменаў паведамілі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

Прапануецца ўвесці ідэнтыфікацыю карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў. Як сцвярджаюць у дзяржаўным інфармагенцтве БелТА, гэта дазволіць «абараніць уладальнікаў сеткавых выданняў, якія рызыкуюць быць прыцягнутымі да адказнасці за размяшчэнне на іх старонках паклёпу ці іншай супрацьзаконнай інфармацыі».

Новаўвядзенні могуць замацаваць новыя тэрміны «сеткавае выданне», «інтэрнэт-рэсурс», «уладальнік інтэрнэт-рэсурсу». Да сеткавых выданняў будуць адносіцца інтэрнэт-рэсурсы, якія прайшлі добраахвотную дзяржаўную рэгістрацыю ў Міністэрстве інфармацыі. Уладальнік такога рэсурсу зможа наймаць на працу журналістаў, якія атрымаюць тыя ж правы, што і супрацоўнікі традыцыйных СМІ, паведамляе дзяржаўнае інфармагенцтва. І дадае, што абмежаванняў на працу сайтаў і парталаў, якія ня пажадаюць рэгістравацца, уводзіцца не будзе. Толькі ў гэтым выпадку статусам СМІ яны валодаць не змогуць, а іх супрацоўнікі, адпаведна, не будуць з’яўляцца журналістамі, адзначае БелТА.

Асобна прапісаная забарона на распаўсюд інфармацыі, якая прапагандуе самагубства, падахвочвае да яго. Частка новаўвядзенняў прысвечаная абароне дзяцей і незаконнаму распаўсюду іхных асабістых звестак.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў