Сёння пачынаюцца беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні «Захад-2017»


14 верасня пачынаюцца стратэгічныя сумесныя вучэнні ўзброеных сілаў Беларусі ды Расеі «Захад-2017».

Яны працягнуцца да 20 верасня. На тэрыторыі Беларусі будуць задзейнічаныя палігоны Лепельскі, Барысаўскі, Лосвіда, Асіповіцкі, два палігоны вайскова-паветраных сілаў і войскаў СПА – Ружанскі і Даманава, а таксама ўчастак побач з населеным пунктам Дрэтунь. У Расеі вучэнні пройдуць на палігонах у Калінінградскай, Ленінградскай ды Пскоўскай вобласцях, нагадвае БелТА.

Колькасць асабовага складу, які бярэ ўдзел у вучэннях, складае каля 12,7 тыс. вайскоўцаў, піша дзяржаўнае інфармагенцтва. Пры гэтым паведамляецца, што на тэрыторыі Беларусі будуць задзейнічаныя каля 10,2 тыс. асобаў (ад Беларусі крыху больш за 7 тыс., Расеі – 3 тыс.), 370 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 140 танкаў. Таксама будуць выкарыстаныя да 150 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэмаў залпавага агню, больш за 40 самалётаў і верталётаў.

Захад-2017 пройдзе ў два этапы. Першы будзе цягнуцца трое содняў. Падчас яго мяркуецца завяршыць падрыхтоўку войскаў да баявога ўжывання па ізаляцыі раёнаў дзеянняў незаконных узброеных фармаванняў і дыверсійна-разведвальных груп праціўніка. Будзе таксама зробленае нарошчванне групоўкі ВПС і войскаў СПА для прыкрыцця важных дзяржаўных і ваенных абʼектаў. На другім этапе вучэння, які працягнецца чацвёра сутак, плануецца адпрацаваць кіраванне войскамі падчас ваенных дзеянняў пры адбіцці агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы, арганізацыю ўзаемадзеяння і ўсебаковага забеспячэння ва ўмовах абстаноўкі, якая хутка змяняецца.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў