Пільна! У судзе Кондрусь спрабаваў парэзаць сабе вены




Уладзімір Кондрусь – апошні вязень “Плошчы-2010” на знак пратэсту ў судзе спрабаваў парэзаць сабе вены. Журналістаў выдаляюць з залі суда.

13:05

Адвакат Кондруся, які знаходзіўся падчас інцыдэнту побач са сваім падабаронным, гаворыць, што на падлозе крыві не бачыў, але руку Кондрусю перацягнулі. Лекары з «Хуткай» кажуць, што жыццё падсуднага нічога не пагражае.

Суддзя пастанавіла выдаліць Кондруся з працэсу за парушэнне парадку ў залі суда. Абвешчаны перапынак у працэсе да вынікаў стацыянарнай комплекснай судовай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы.


12:05

Калі паседжанне суда аднавілася, Кондрусь спрабаваў парэзаць сабе вены.

Гэта адбылося, калі падсудны ізноў на знак пратэсту лёг у клетцы на падлогу, – паведамляе карэспандэнт «Белсату». Тое, што Кондрусь спрабуе парэзаць сабе вены, заўважылі міліцыянты, якія кінуліся да яго. Суд спынілі. Журналістаў, якія спрабавалі зняць, тое што адбываецца, у тым ліку журналістаў «Белсату», выдалілі з залі. З-за зачыненых дзвярэй чуваць, як крычаць маці і сястра Кондруся.

 


Сёння а 10:30 у судзе Маскоўскага раёну Менску пачаўся суд над жыхаром Рудзенску Уладзімірам Кондрусем. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў “закалотах” каля Дому ўраду ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года.

Мужчыну абвінавачваюць паводле артыкулу 293 КК («масавыя беспарадкі») – таго, па якім у 2011 годзе асудзілі 49 чалавек. Апошняга з палітвязняў па гэтай справе, экс-кандыдат Мікалай Статкевіч, Лукашэнка памілаваў 22 жніўня 2015 года. Акрамя Кондруся фігурантам гэтай справы застаецца таксама экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, у дачыненні да якога справа неаднаразова адцягвалася.


Працэс распачаўся са спазненнем. Уладзімір Кондрусь лічыць, што яго спрабуюць асудзіць незаконна. На знак пратэсту ён лёг на падлогу проста ў клетцы для падсудных, – паведамляе карэспандэнт “Белсату”.

 


11:30 Суддзя Святлана Бандарэнка загадала выклікаць “Хуткую”, каб спраўдзіць стан здароўя Кондруся. Ад вынікаў залежыла, ці працягнецца суд, ці яго адкладуць. Прыкладна праз паўгадзіны суд аднавіўся. Уладзімір Кондрусь у клетцы ізноў лёг на падлогу.

Ля будынку суда – машына хуткай медычнай дапамогі.


Кондруся арыштавалі 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расследавання. Пасля затрымання ён знаходзіўся ў СІЗА № 1 Менску.

Каля трох месяцаў таму затрыманы абвясціў, што будзе галадаваць, але пасля таго як стан яго здароўя моцна пагоршыўся (Кондрусь не мог нават хадзіць), яго перавялі ў турэмны шпіталь, дзе ён спыніў галадоўку па рэкамендацыі лекара і па просьбах родных.

 

Сваякі Кондруся не паведамляюць падрабязнасці крымінальнай справы – з іх узялі падпіску пра неразгалошванне.

Беларускія праваабаронцы прызналі Кондруся палітычным зняволеным і патрабуюць ад уладаў спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго і неадкладнага вызвалення з-пад варты.

belsat.eu

Стужка навінаў