Сёння пачынаецца кінафестываль «Лістапад»


За «Золата Лістапада» пазмагаюцца 12 мастацкіх фільмаў з усяго свету, а на вялікі экран трапяць адразу 4 дакументальныя стужкі «Белсату».

24-ы фестываль ладзіцца пад слоганам «Праўда, каханне і прыгажосць». Сёлета кінапрагляды адбудуцца на пяці пляцоўках: у кінатэатрах «Цэнтральны», «Піянер», «Беларусь», «Мір» і «Falcon Club Буцік кіно». Навінкай стала магчымасць набыць абанемент на прагляды фільмаў асноўных секцыяў.

Мастацкае кіно

Конкурсная праграма фестывалю складаецца з чатырох секцыяў.

Фестываль адкрыецца стужкай «Арытмія» Барыса Хлебнікава, якая разам з яшчэ 11-ю – «Гранатавым садам» Ільгара Наджафа, «Інеем» Шарунаса Бартаса, «Кентаўрам» Актана Арыма Кубата, «Маленькім крыжаносцам» Вацлава Кадрнкі, «Турэцкім сядлом» Юсупа Разыкава, «Хібулай» Георгія Авашвілі, «Вэстэрнам» Валескі Грызебах, «Лістападам» Райнэра Сарнэта, «Лагоднай» Сяргея Лазніцы, «Кандэларыяй» Джоні Хендрыкса Інестроса і «Парарокам» Канстанціна Папеску – пазмагаюцца за галоўны прыз.

Нацыянальны конкурс

Тут сёлета самая маленькая канкурэнцыя. Арганізатары ўключылі ў секцыю толькі адзін фільм – прысвечаную народнаму артысту БССР і СССР Расціславу Янкоўскаму стужку «Залатая маска» Анатоля Алая.

Дакументальнае кіно

Удзел у конкурсе бяруць 12 дакументальных фільмаў. Тэмы стужак-удзельніц – Янка Купала, беларуская вёска, тэатр людзей з абмежаванымі магчымасцямі і жыццё ўва ўсіх праявах. У праекце «Reboot» арт-група «Chronotop» спрабуе ў вобразнай форме вырашыць пытанне ўласнае ідэнтыфікацыі.

Чатыры стужкі створаныя пры падтрыманні нашага тэлеканалу – «Цар гары» (рэж. Андрэй Куціла), «Вернікі» (рэж. Ягор Сурскі), «Фанат» (рэж. Андрэй Кудзіненка) і «Зніклая паэзія» (рэж. Ілля Бажко).

Квіткі на сеансы дакументальнага кіно ў кінатэатры «Мір» каштуюць усяго Br 2 днём у будні і Br 3 – па вечарох і ў выходныя.

«Лістападзік»

У конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі патрапілі дзевяць фільмаў з усёй Еўропы, а таксама Ірану, Калумбіі і Кітаю.

Адкрываць секцыю на фестывалі будзе нямецкая стужка «Тым Талер, або Прададзены смех» паводле матываў кнігі Джэймса Круса (рэжысёр – Андрэас Дрэзэн). Закрываць – «Ўэндзі», фільм пра дзяўчыну-жакея, таксама нямецкай вытворчасці.

Па-за конкурсам у секцыі пакажуць яшчэ адзін нямецкі фільм – «Замак Шрэкэнштайн» пра «вайну» хлопцаў і дзяўчат, якія вучацца побач у закрытых інтэрнатаў.

Усе паказы будуць адбывацца раніцай і днём у кінатэатры «Піянер».

«Беларуская панарама»

У пазаконкурснай праграме пакажуць шэсць стужак – пра рэжысёра Віктара Турава і мастак Мікалая Ісаёнка, першадрукара Францішка Скарыну і беларускія вёскі ў Сібіры, Беларускі дзіцячы хоспіс і пошукі рэжысёрам Анатолем Алаем зніклага без звестак у Другую сусветную вайну бацькі.

«МузыкаДок»

Секцыя пазаконкурсных дакументальных стужак пазнаёміць гледачоў з невядомымі гісторыямі і лёсамі вядомых выбітных музыкаў. Адным з фільмаў секцыі стане стужка «Белсату» «Народны альбом. Выпадковы шэдэўр» – пра стваральнікаў культавага музычнага праекту 90-х.

Як склаліся лёсы аўтараў – Лявона Вольскага, Касі Камоцкай, Змітра Вайцюшкевіча, Аляксандра Памідорава і іншых – можна будзе паглядзець у кінатэатры «Мір» 6 лістапада а 21-й.

Карціну прадставяць Аляксандр Памідораў і Кася Камоцкая, якія выступяць перад гледачамі з невялікім канцэртам.

Кінафестываль «Лістапад» праходзіць у Менску штогод з 1994-га. Сёлетні фестываль будзе ісці да 10 лістапада.

ДД

Стужка навінаў