«Для мяне там шашлыкі смажаць, а вы ўсё псуеце!» Стрым з Курапатаў


17:46 Павал Севярынец лічыць, што ўсе сённяшнія канфліктныя сітуацыі справакавалі самі ўладальнікі рэстарацыі. Ён лічыць, што «наведнікі», якія прыйшлі ў рэстарацыю – гэта сябры і знаёмыя ўладальнікаў рэстарацыі.

17:45 Наталля Гарачка-Басалыга выклікала міліцыю на мужчыну, які ёй выкручваў руку. Міліцыянт не пагадзіўся дадаваць у пратакол тлумачэнні Басалыгі. Ён пайшоў на тэрыторыю рэстарацыі.

17:38 Мужчына, які прыехаў на машыне з украінскімі нумарамі, сказаў, што прыехаў сюды паесці. Ён сказаў, што ведае, што такое Курапаты, але не бачыць у гэтым нічога такога.

«У Кіеве таксама шмат такіх месцаў, там таксама ёсць рэстараны», – дадаў ён.

17:32 Мужчына, які намагаўся на машыне трапіць у рэстарацыю, закрыў аўта і пайшоў пешшу за сваімі шашлыкамі, якія, па ягоных словах, ён замовіў раней.

17:31 На Паўла Севярынца склалі пратакол за парушэнне правілаў дарожнага руху.

17:30 Пад’ехала яшчэ адна машына з украінскімі рэгістрацыйнымі нумарамі.

Картка з-пад шыбы аўта мужчыны, які кідаўся на пратэстоўцаў

17:27 Ахоўнік кажа, што рэстарацыя зачыненая. Але мужчына, які намагаецца трапіць у рэстарацыю, сцвярджае, што ў яго там стыгне вячэра, якую ён раней замовіў.

17:27 Сварка з мужчынам працягваецца.

«Беларусы сябе так не паводзяць. Вы жывая вылітая полька», – сказаў мужчына Вользе Мікалайчык.

Бачна, што ў мужчыны нейкія сур’ёзныя праблемы на польскай тэме.

17:17 Зноў мужчына намагаўся праехаць у рэстарацыю за сваімі шашлыкамі і амаль не наехаў на людзей.

17:15 Пратэстоўцы лічаць, што гэты чалавек – правакатар, якога адмыслова падаслалі.

17:10 Падчас сутычкі з пратэстоўцамі мужчына схапіў Наталлю Гарачку-Басалыгу за руку, у адказ яна яго ўкусіла.

17:07 Мужчына размаўляе з супрацоўнікам ДАІ і не збіраецца з’язджаць.

17:05

«Для мяне там шашлыкі смажаць, а вы ўсё псуеце», – заявіў мужчына.

Мужчына, які абражаў і адштурхоўваў пратэстоўцаў.
Фота: Ірына Арахоўская

17:01 Мужчына, які адштурхоўваў пратэстоўцаў назваў бел-чырвона-белы сцяг анучай.

17:00 Некалькі машынаў выстраілася ў чаргу, каб уехаць на тэрыторыю рэстарацыі. Адзін з мужчынаў адштурхоўвае пратэстоўцаў. Ён сказаў, што прыехаў сюды паесці. Таксама сцвярджае, што ў Курапатах беларусаў расстрэльвалі палякі і немцы.

16:30 Павал Севярынец кажа, што да 18:00 абаронцы застануцца тут.

«16 гадоў таму абаронцы Курапатаў стаялі і ў горшае надвор’е восем з паловай месяцаў», – адзначыў Севярынец.

16:30 Аляксей Янукевіч кажа, што хутка ўсе будуць разыходзіцца, бо сёння, хутчэй за ўсё, рэстарацыя не адкрыецца. На Курапаты ідзе навальніца.

16:00 Супрацоўнік рэстарацыі Дзмітрый на пытанне пра сённяшняе адкрыццё рэстарацыі, сказаў, каб усе ехалі дадому, бо нечага тут чакаць. Але кожную гадзіну да брамы пад’язджаюць машыны і бачна, што рэстарацыя рыхтуецца да адкрыцця.

16:06 Кіроўца дастаў інструменты і пайшоў на тэрыторыю рэстарацыі

16:05 Брама адчыненая, машына запаркавалася каля ходніку. Кіроўца выйшаў з машыны. У яго запыталіся, ці ведае ён, што тут адбываецца.

«Я тут бачу беспрацоўны статак жывёлаў», – адказаў кіроўца, які ледзьве не задавіў людзей.

16:04 Машына намагаецца праехаць, людзі перакрылі дарогу.

16:00 Пад’ехала яшчэ адна машына і не змяншаючы хуткасць ледзь не наехаў на пратэстоўцаў. Кіроўца не адкрывае шыбы, сядзіць у салоне і камусьці тэлефануе. Зміцер Дашкевіч зазірнуў у машыну і зазначыў, што там нейкая фанера і, хутчэй за ўсё, гэты чалавек вырабляе мэблю.

15:50 Павал Севярынец заклікае ўсіх стаяць прынамсі да 18 гадзіны. Заўтра а 12:00 распачнецца паэтычны марафон абароны. Тут будуць чытаць вершы.

15:48

«Дзеянні Паўла Севярынца рашучыя, але іх нельга назваць гвалтоўнымі. Я іх цалкам падзяляю», – кажа Аляксей Янукевіч.

Фота Ірыны Арахоўскай

15:46 Павал Севярынец кажа, што пакуль што не ідзе мовы пра кругласуткавую варту. Але, калі будзе спроба адчыніць рэстарацыю, то людзі будуць выходзіць з пратэстам.

15:45 На тэрыторыю рэстарацыі працягваюць уносіць садавіну і гародніну.

15:43 Да рэстарацыі пад’ехала яшчэ адна машына, але гэтым разам адтуль выйшаў Аляксей Янукевіч і Эдуард Пальчыс.

15:40 Супрацоўнік рэстарацыі Дзмітрый уласнаручна пераносіць садавіну з машыны на тэрыторыю рэстарацыі.

15:37 Брама рэстарацыі адчынілася, пад’ехала яшчэ адна машына, пратэстоўцы не пусцілі яе.

Фота Ірыны Арахоўскай

15:32 Абаронцы Курапатаў пайшлі на саступкі і сышлі на ходнік. Калі машыны будуць намагацца праехаць на тэрыторыю рэстарацыі, пратэстоўцы вернуцца на дарогу.

15:31 Супрацоўнік ДАІ падыйшоў да пратэстоўцаў і прэсы і папярэдзіў пра адказнасць за знаходжанне на дарозе. Ён папрасіў сыйсці на ходнікі.

15:31 Пад’ехала машына Белпошты, кіроўца сказаў, што прывёз лісты для кампаніі «АмісБел».

15:28 Пад’ехала машына міліцыі. Павал Севярынец размаўляе з міліцыянтамі.

«Міліцыянты кажуць, што ўсё разумеюць, але маюць загад. Гэта той жа міліцыянт, што на мяне складаў пратакол», – кажа Павал Севярынец.

15:26 Уладальніка фірмы, якая пастаўляе прадукты, завуць Максім. Актывісты кажуць, што ён таксама саўдзельнік тых, хто намагаецца адкрыць рэстарацыю на костках. Максім кажа, што калі не ён, то ўсё роўна іншыя фірмы будуць супрацоўнічаць з гэтай рэстарацыяй.

15:25 Супрацоўнікі рэстарацыі, якія час ад часу выходзяць з-за плоту, не камунікуюць ані з прэсай, ані з актывістамі.

15:20 Да рэстарацыі падʼехала машына. Кіроўца паведаміў, што ён уладальнік кампаніі, якая пастаўляе гародніну і садавіну. Назву фірмы ён не захацеў удакладніць. Пратэстоўцы не прапусцілі яго на тэрыторыю рэстарацыі.

Фота Ірыны Арахоўскай

15:18

«Яны хочуць забудаваць усе месцы памяці, каб у народу беларускага не засталося нічога», – кажа Вольга Мікалайчык.

15:15 Пратэстоўцы скандуюць: «Не кабак, а музей!», «Не рэстарацыі на костках».

«Некаторыя кажуць, што ведаюць пра могілкі, але ўсё роўна едуць. Ёсць буйныя, якія лезуць біцца і адбіраюць мабільнік», – распавяла Наталля Гарачка-Басалыга пра рэакцыю супрацоўнікаў рэстарацыі на ўвагу да іх установы.

15:10 Прадстаўнік моладзі БНФ не хоча адсюль сыходзіць, бо лічыць, што гэта бесчалавечна будаваць рэстарацыю ў 50 метрах ад крыжоў. Ён зазначае, што, на жаль, грошы перамагаюць людскасць і мараль.

Леанід Кулакоў распавядае, як прыехаў грузавы фургон, адтуль выйшаў мужчына і даў актывістам вялікую торбу ежы. Ён падзякаваў за абарону Курапатаў.

Фота Ірыны Арахоўскай

Скандальна вядомы рэстаран «Паедзем. Паядзім» (або «Бульбаш-хол) пачне прымаць гасцей а 15:00.

Пра гэта Павел Севярынец паведаміў у сваім «Facebook’у».

Нагадаем, што ўжо некалькі дзён трывае пратэст супраць адкрыцця побач з Курапатамі рэстарану «Паедзем. Паядзім». Актывісты спачатку прасілі мясцовую ўладу паўплываць на сітуацыю, а пасля вырашылі дзейнічаць самастойна – блакаваць заезд машынаў з прадуктамі на тэрыторыю рэстарацыі.

2 чэрвеня ў Курапатах сабраліся 12 актывістаў на чале са Змітром Дашкевічам (лідар «Маладога фронту»). Тады грамадскі актывіст выказаў меркаванне, што ладзіць 24-гадзінную варту няма сэнсу, будынак выглядае «як закансерваваны».

Летась у Курапатах з’явілася намётавае мястэчка. Актывісты пратэставалі супраць будаўніцтва бізнес цэнтру.

Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД забілі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 000 да 250 000 чалавек.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў