Сёння пачалі дзейнічаць новыя санкцыі ЗША супраць Расеі. Як яны адаб’юцца на Беларусі?


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і прэзідэнт ЗША Доналд Трамп

Новыя санкцыі супраць Расеі ўвялі за хімічную атаку ў брытанскім горадзе Солсбэры. Адпаведны дакумент апублікаваны на сайце Федэральнага рэестру ЗША.

Ці паўплываюць санкцыі на Беларусь

Пакет санкцыяў уключае забарону на аказанне вонкавай дапамогі Расеі, на продаж зброі і фінансаванне здзелак па зброі, а таксама адмову на крэдытаванне з боку дзяржаўных структураў ЗША і забарону на экспарт тавараў і тэхналогіяў падвойнага прызначэння.

Эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч мяркуе, што чарговыя санкцыі ЗША супраць Расеі могуць ускосна паўплываць на беларускую вайсковую прамысловасць, якая «збольшага працуе на расейскай дзяржзамове»:

«Але, паколькі абмежаванні на супрацу амерыканскіх кампаніяў з расейскім ваенпрамам існавалі і раней, існы эфект будзе ня вельмі значным. Новы раўнд санкцый, які Вашынгтон можа ўвесці праз 3 месяцы, можа нанесці большую страту беларускай эканоміцы, бо аслабіць жаданне і магчымасці Крамля чыніць эканамічную падтрымку Менску. Але значнасць гэтай страты для Беларусі і Расеі пакуль немагчыма прадказаць з-за недахопу інфармацыі».

У тым, што новыя санкцыі могуць ускосна паўплываць на беларускую эканоміку, пагаджаецца і эканаміст Леанід Фрыдкін:

«Улічваючы, што ёсць даволі шчыльная сувязь беларускай і расейскай эканомік, можна змадэляваць сітуацыю, калі гэта паўплывае на Беларусь, магчыма, на прадпрыемствы, якія ўдзельнічаюць у нейкіх сумесных праграмах з расейскімі кампаніямі, што трапляюць пад санкцыі. Можа адлюстравацца і на беларускіх банках, што маюць расейскіх заснавальнікаў – уласна «званкі» ужо паступалі».

Ён кажа, што можна змадэляваць сітуацыю, што беларускія кампаніі стануць «пракладкамі» для абыходу санкцыяў расейскімі кампаніямі – так ужо было ў 1980-х, калі СССР абыходзіў санкцыі з дапамогай Югаславіі і Румыніі. Разам з тым цяпер рэалізаваць такую схему нашмат складаней.

«Тады былі некалькі іншыя абставіны і магчымасці адсочвання гэтых паставак. А цяпер я вельмі сумняюся, што гэта магчыма. Проста ведаю, што некаторыя ўжо раскатваюць губу: «Як мы зараз возьмем і што-небудзь заробім». Але я вельмі сумняюся, што гэта адбудзецца», – кажа Леанід Фрыдкін.

Некалькі месяцаў таму ў эфіры «Белсату» ён заўважыў, што «санкцыі супраць Расеі даюць магчымасць беларускім экспарцёрам». Новы ж пакет санкцыяў, на думку адмыслоўца, «абмяжоўваюць гэтыя магчымасці».

Падставай для ўвядзенне санкцыяў стала атручванне ў Солсбэры экс-афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі, што адбылося 4 сакавіка гэтага года.

НМ, belsat.eu, фотаздымак Carlos Barria/ Forum

Глядзі таксама
Каментары