Сёння не свята, а заўтра не будны дзень


Мы ўпарта чакаем Калядаў! А як павіншаваць з тым, што яшчэ не надышло?

Вясёлыя святы нясуць з сабой кашмар мовазнаўцы, а менавіта – віншаванне з надыходзячымі.

Беларускай мове не ўласцівы дзеепрыметнік надыходзячы (як і любы іншы на -учы/-ючы). Павіншуйце з надыходам святаў, з блізкімі святамі, зрэшты, проста са святамі.

Малюнак: Дэ Лёс / Belsat.eu

Пашыраецца ўжыванне слова надыходны. Маючы добрае словаўтварэнне, надыходны цалкам можа ўзяць на сябе функцыі скалькаванага з расейскай мовы надыходзячага. Бачым прыметнік надыходны і на сайце мабільнага аператара «А1» («Velcom»), і на старонцы Берасцейскага ўніверсітэту, і ў віншаваннях Таварыства беларускай мовы, і ў абвестках Беларускага інстытуту навукі й мастацтва (Канада). У навуковым выданні Акадэміі навук «Беларуская лінгвістыка» (выпуск 66), аналізуючы мову газеты «Звязда», Галіна Вештарт піша: «Адзначым як пахвальнае імкненне пазбягаць неўжывальных у беларускай мове дзеепрыметнікаў з суфіксамі -ем-, -ім-, -уч- (-юч-), -ач- (-яч-), замяняючы іх прыметнікамі: танізавальныя сродкі, аздабляльныя работы, ахвотныя (не жадаючыя), павіншавала з надыходным святам…»

Цікавае слова незабаўны, яго фіксуе Беларуска-расейскі слоўнік Байкова і Некрашэвіча ды слоўнік Янкі Станкевіча («Незабаўны дай адказ»). Незабаўны – той, які не забавіцца, прыйдзе неўзабаве. Хоць віншаванне з незабаўнымі святамі будзе выглядаць нязвыкла, але пісьменна.

Але найлепш – зычыць вясёлых Калядаў і шчаслівага Новага года, а не віншаваць з тым, чаго яшчэ не прычакалі. Бо сёння не свята, а заўтра не будны дзень.

Каб з дарогі не збіліся,

Каб цэлы век весяліліся,

Каб доўгія гады жылі,

Каб здаровыя былі.

 

Стужка навінаў