Прысуд у справе Япрынцавых: старэйшага выпусцілі, малодшы атрымаў 8 гадоў турмы


Суд Цэнтральнага раёну Менску аштрафаваў Уладзіміра Япрынцава на 500 базавых велічынь (10 тыс. 500 беларускіх рублёў альбо $ 5250) і вызваліў у зале суда. Ягоны сын Казбек прыгавораны да васьмі гадоў пазбаўленне волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такі ж тэрмін атрымаў партнёр Япрынцава-малодшага Аляксандр Арабян. У іх канфіскавалі маёмасць.

Суд прыйшоў да высновы, што Казбек Япрынцаў і Арабян займаліся махлярствам – заключалі кантракты на пастаўку нафты і не мелі намеру іх выконваць. Бізнесмены сваёй віны не прызналі і маюць намер абскардзіць прысуд. Яны заявілі, што кантракты былі ўяўныя – пацярпелыя давалі ім грошы ў якасці пазыкі. І пакуль ішлі працэнты, прэтэнзіяў не было.


11 жніўня пракурор Юры Шарсьнёў папрасіў суд перакваліфікаваць абвінавачванне Уладзіміра Япрынцава на ч. 1 арт. 405 КК – укрыванне злачынства, і пакараць яго штрафам у тысячу базавых велічынь (21 тысяча рублёў, або каля 10,5 тысячы долараў). На думку дзяржабвінаваўцы, Япрынцаў-старэйшы ведаў пра злачынныя дзеянні сына і яго партнёраў, абяцаў ім укрыванне і не паведаміў пра гэтыя факты ў праваахоўныя органы.

Пракурор заявіў, што ён не знайшоў пацверджання факту, што Уладзімір Япрынцаў удзельнічаў у папярэдняй змове і меў намер падманным шляхам завалодаць сродкамі пацярпелых. Япрынцаў-старэйшы выконваў ролю гаранта, як падкрэслівалі пацярпелыя бізнесмены. Сумеснага намеру на супрацьпраўныя дзеянні з Казбекам Япрынцавым і Аляксандрам Арабянам у яго не было.

Разам з тым пракурор папрасіў асудзіць Япрынцава-малодшага і ягонага кампаньёна на дзевяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Дзяржабвінаваўца настойвае, што падсудныя завалодалі грашовымі сродкамі пацярпелых, не маючы намеру паставіць паліва па кантрактах.

У справе трое пацярпелых: бізнесмены Андрэй Рабцэвіч і Юры Савяк, а таксама вядомы ў мінулым лёгкаатлет Андрэй Міхневіч.

belsat.eu

Стужка навінаў