Сёння – канцэрт на канапе, але якім будзе заўтра музыкаў і пляцовак?


VELO_VE Music Fest, Mikhail Philipenya Quartet. Скрыншот

Уваходзь бясплатна, але капейчыну ахвяруй. Belsat.eu зрабіў падборку платформаў з онлайн-канцэртамі беларускіх артыстаў і даведаўся, як музычная галіна трывае пад час крызісу.

Ізалёўвацца ад музыкі патрэбы няма. Бясплатныя трансляцыі канцэртаў праходзяць, да прыкладу, на Voka.tv. Там ужо выступалі «Akute», «Nizkiz», «РСП» і «Дразды». Некаторыя трансляцыі канцэртаў трэба шукаць ва ўкладцы «Серыялы», прагляд запісу будзе платны, але сума невялікая. Наступная трансляцыя адбудзецца 30 красавіка і гэта будзе канцэрт Прэзідэнцкага аркестру. Сачыць за афішаю можна ў сацыяльных сетках.

Выступ «Петля Пристрастия» на Onliner. Скрыншот

Уласную серыю імпрэзаў праз сеціва запусціў і Onliner. На YouTube-канале ўжо можна знайсці запісы выступаў SHUMA, Леры Яскевіч і «Петли Пристрастия».

Не проста серыя канцэртаў, а фестываль VELO_VE ідзе да 29 траўня. На адмысловых лакацыях адбудуцца трансляцыі, вядоўцам якіх будзе Андрэй Бонд.

«Ідэя фестывалю прыйшла тады, калі ўвесь свет перайшоў на каранцін і пачаў большасць часу праводзіць дома. У Беларусі большасць свядомых грамадзянаў і кампаніяў таксама перайшлі на дыстанцыйную працу і самаізаляцыю. У мінулую пятніцу мы стартавалі ў джазавым фармаце, і вынікі нас задавальняюць. 29 красавіка будзе трансляцыя з электронным праектам SHUMA на Менскім моры», – кажа PR-спецыялiст «Брытыш Амерыкан Табакка» ў Беларусi Хрысцiна Рыбянкова.

Калі вас цікавіць менавіта электронная музыка, то частыя трансляцыі сэтаў беларускіх і замежных дзі-джэяў праводзіць тусоўка «Бассота».

Belsat Music Live, безумоўна, падхапіў новую хвалю. Ужо адбылася трансляцыя выступу Віктара Шалкевіча, 1 траўня будзе выступ «Дзецюкоў», а 2 траўня ў студыі BML пакажуць канцэрт фіналістаў 6-га сезону конкурсу «Заспявай».

Бясплатна, але можна падтрымаць артыстаў

Выступ у IZALATAR, гурт «ili-ili»

Для творцаў крызісы – штуршок і натхненне ствараць, таму тут і цяпер нараджаюцца новыя мелодыі і тэксты. Тым не менш, падчас пандэміі артысты застаюцца без працы, таму выступаць онлайн – гэта для іх не толькі творчая патрэба, але і рэальная магчымасць падзарабіць. Данаціць тут, каб падтрымаць стрым і музыкаў, заклікае лэйбл PALIKLINIKA. Ён ладзіць хатнія музычныя стрымы IZALATAR, дзе ўжо загралі «luty sakavik» і «ili-ili».

Падтрымаў беларускіх дзі-джэяў праект Ballantine’s True Music Online Sessions. 4 дзі-джэй сэты ад рэзідэнтаў «Сияния», «Бассоты», «Хулигана» і «Карма Crew» адбыліся на такіх нечаканых лакацыях, як планетарый ці бібліятэка. Музыкі збіралі грошы на падтрыманне лакальных дзі-джэяў і бараў.

Онлайн-канцэрт AKUTE на праекце Бяспечны LIVE. Скрыншот

Падтрымаць стрымы просіць і праект «Бяспечны LIVE». У іх ужо выступілі «Akute», «Палац», «BN», «Лиса».

Каб дапамагчы артыстам і культурніцкім пляцоўкам ператрываць у складаную хвіліну, можна данаціць у межах кампаніі #АртПраязны на MolaMola.

Музыка ў падтрыманне медыкаў

У красавіку з’явілася платформа Artist Gives, на якой вы можаце паглядзець стрымы беларускіх, украінскіх і расейскіх артыстаў. Калі ўсеагульная самаізаляцыя скончыцца, трэба будзе набываць квіткі. Цяпер ёсць магчымасць бясплатнага доступу да трансляцыяў, таксама можна данаціць на падтрымку фондаў, якія артысты абіраюць самастойна. Большасць арганізацыяў дапамагаюць медыкам у барацьбе з COVID-19.

На платформе ўжо адбыліся онлайн-канцэрты «Akute», «МЫ/WE», «Дай дарогу!». Бліжэйшы канцэрт будзе ад SHUMA 4 траўня.

«Іхная адметнасць у тым, што шырокае кам’юніці. Яны злучаюць беларускую, украінскую і расейскую публіку. Калі ў іх атрымаецца нарасціць сваю аўдыторыю, то яна будзе адкрываць гурты з іншых краінаў. Ёсць таксама рызыка, што беларусаў ніхто глядзець не будзе», – разважае арт-менеджар, кіраўнік парталу TuzinFM.by і аўтар праграмы Belsat Music Live Сяргей Будкін.

Relikt на Belarus Metal Fest COVID-19. Скрыншот

Фестываль Belarus Metal Fest COVID-19 у падтрымку медыкаў доўжыўся 4 гадзіны. Каб дапамагчы медыцыне, можна было набыць квіток. Цяпер данаціць можна тут і тут.

Ці маюць будучыню онлайн-канцэрты?

Большасць онлайн-канцэртаў маюць падобную структуру і адбываюцца ў хатніх умовах. Такі фармат Сяргей Будкін лічыць не самым паспяховым:

«Асабіста мне, як гледачу, досыць сумна глядзець такую анлайн-трансляцыю. Няма адчування шоу і ў плане прыцягнення ўвагі, і ў плане чыста тэхнічнай рэалізацыі. Адна справа, калі на канцэрце апарат так сабе, але там побач з табой людзі танчаць. Калі побач з табой котка ляжыць – абсалютна іншыя адчуванні».

Онлайн-канцэрт Лявона Вольскага да Дню Волі. Скрыншот

Тым не менш, у новай і часова неспрыяльнай традыцыйнаму імпрэзаванню сітуацыі, Сяргей Будкін чакае ад музыкаў нечаканых крэатыўных рашэнняў. У прыклад прыводзіць міжнародны онлайн-тур Лявона Вольскага і онлайн-карпаратыў Зміцера Вайцюшкевіча. Сярод узорных, паводле Будкіна, прыклад нашых суседзяў з Літвы, якія зладзілі канцэрт на адкрытым паветры. Аўдыторыя сабралася, але глядзела, застаючыся ў сваіх аўтамабілях.

«Гэта выклік для творчых людзей, таму можна чакаць забаўных прапановаў. Мы толькі на пачатку гэтага крэатыву», – кажа ён.

Канцэрт SHUMA для Onliner

Беларускі дзі-джэй Ягор Кіпа таксама лічыць, што трэба шукаць новыя рашэнні:

«Вывазіць будуць толькі самыя прыкольныя фарматы. Як Travis Scott на Fortnite зрабіў. Зараз цікава будзе назіраць за тым, хто як будзе выкручвацца».

Ягор Кіпа аднак мяркуе, што зарабіць на гэтым будзе цяжка. Беларусы карыстаюцца магчымасцю ўвайсці бясплатны і не звыкліся данаціць нават сімвалічную суму:

«Не ва ўсіх ёсць магчымасць данаціць грошы, асабліва ў моладзі. Таму выхлапу няма, адно калі гэта нейкія спонсарскія трансляцыі».

Ягор Кіпа таксама рабіў трансляцыю сэту:

«Вельмі дзіўнае пачуццё. Калі ты на аўдыторыю выступаеш, адбываецца ўзаемаабмен энергіяй, яе нашмат больш. А калі ты дома валіш, то ўсё залежыць выключна ад цябе. Адзінае, што прымушае цябе рабіць гэта да канца – разуменне таго, што зараз на цябе хтосьці глядзіць. Ты не можаш бачыць гэтых людзей, колькі іх. Гэта нейкае пачуццё выступу ў зале з выключаным святлом, дзе ўсе сядзяць і маўчаць».

Паводле Ягора, шмат творцаў у гэты перыяд не імкнуцца сябе праяўляць:

«Займаюцца трансляцыямі тыя, хто моцна топіць за музыку. Зараз шмат тусовак, дзі-джэяў шукаюць грошы сабе на жыццё і чакаюць на лепшыя часы. Гэта самае прыкрае. Падавалася, што ўсе такія «Ёў, за двіж», за культуру, а калі адбылася такая сітуацыя, усе разбегліся. Хоць магчыма, што нехта з іх пераасэнсоўвае, нешта новае прыдумляе, таму я не кажу за ўсіх».

Самаізаляцыя не назаўжды, але варта памятаць, што разам з музыкамі крызіс перажываюць пляцоўкі, якія прымалі іх з канцэртамі:

«Тыя месцы, дзе ладзіліся канцэрты, апынуліся ў поўным аўце. Яны па-ранейшаму мусяць аплочваць арэнду. Кожны дзень мусілі быць канцэрты ў тым жа «Брюгге», «RE:PUBLIC», «Berlin». Ім таксама трэба выжываць. Ёсць адзінкавыя і самастойныя спробы паставіць гэта на ахвяраванні. Агулам жа яны выпалі з працэсу, апынуліся без падтрымання. Зразумела, што цяпер важнейшыя медыкі, але калі гэты бізнес зруйнуецца, будзе кепска для ўсіх».

ДЗ Belsat.eu

Стужка навінаў