Сёння глядзіш на пазногцікі, а заўтра – на Алаха і Мухамэда. Кадыраў «набыў» 1,2 млн карыстальнікаў «Instagram'у»?


Некалькі дзён таму карыстальнік Merinque апублікаваў на Pikabu.ru (адным з самых папулярных у Расеі сайтаў) гісторыю пра тое, як ягоная жонка, таго не жадаючы, стала падпісанткай акаўнту з ролікамі пра Рамзана Кадырава.

Паводле Merinque, замест «Instagram»-блогу пра пазногці ў стужцы жонкі зʼявіўся блог з афіцыйнымі справаздачамі пра дзейнасць адміністрацыі кіраўніка Чачэніі і асабістыя поспехі Рамзана Кадырава.

Аказалася, што акаўнт пра пазногці выдаліў увесь стары кантэнт і змяніў назву.

Былы адмін «Instagramʼу» завёў новы акаўнт з такой жа назваю. У размове з Belsat.eu адміністратар пацвердзіў, што папярэдні акаўнт з 1,2 млн чытачоў набыў іншы карыстальнік. На жаль, пакуль не ўдалося даведацца, хто менавіта адмініструе новым «Instagramʼам» Каманды КРА.

Дарэчы, не ўсе падпісанты гэтага акаўнту заўважылі змены і па-старому адзначаюць гэты блог на сваіх фотаздымках з пазногцямі. Belsat.eu некалькі дзён назіраў за актыўнасцю на абноўленым акаўнце. Адміны спрабуюць іх выдаляць, але, імаверна, не паспяваюць.

На Pikabu.ru допіс пра змену профілю блогу пра пазногці выклікаў палкую дыскусію. Карыстальнікі гэтага сайту ламаюць галаву каму і навошта спатрэбілася гэтая ў асноўным жаночая армія аматараў прыгожага манікюру.

Некаторыя па-добраму здзекуюцца з трукаў чачэнскіх PR-адмыслоўцаў (?) і пытаюць: дзе пазногці?

 

Вось самыя пацешныя каментары з дыскусіі, якая разгарнулася пад публікацыяй на Pikabu.ru.

Варта адзначыць, што продаж акаўнтаў у «Instagramʼе» – нармальная практыка. І ніхто не застрахаваны ад таго, што вас могуць прадаць як прыгоннага на патрэбы прапаганды або PR-кампаніі нейкага палітыка.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў