Суддзя адправіў справу Андруся Козела на дапрацоўванне


Ноч наш калега правёў ноч на Акрэсціна. Аператара судзяць у судзе Цэнтральнага раёну Менску за «непадпарадкаванне міліцыянтам». Журналісту можа пагражаць штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў (490-1225 рублёў) альбо адміністратыўны арышт да 15 содняў.

UPD. Андруся Козела прывезлі ў суд Цэнтральнага раёну Менску.

18:33 Суддзя прыняў рашэнне адправіць справу на дапрацоўванне. Андруся Козела адпусцілі.

Андрусь кажа, што будзе падаваць скаргу ў пракуратуру на міліцыянтаў, якія яго затрымлівалі, а таксама на праваахоўніка, які не прадставіў яму копію пратаколу і не даў у ім распісацца.

18:00 Перапынак 10 хвілінаў.

17:34 Сведчыць прапаршчык Уладзіслаў Бушынскі, які збіваў Андруся Козела.

Распавядае, як дзяжурыў на 27-ым участку. Як яго старшыня камісіі папрасіў, каб вывелі Андруся.

«Мы яго выводзілі, але перад дзвярыма пачаў актыўна супраціўляцца, упёрся нагой у дзверы, у выніку чаго пашкодзіў шкло, пасля паваліўся на падлогу, у выніку чаго нанёс сабе пашкоджанні. Ніякая сіла спачатку не прымянялася, яго толькі ўтрымлівалі. Ён замахнуўся, пасля чаго прымянілі фізічную сілу. Я выклікаў групу затрымання».

Бушынскі кажа, што сваімі дзеяннямі Андрусь Козел парушаў працэс падліку галасоў.

16:55 Паседжанне ўзноўленае. Адвакат просіць далучыць да сведчанняў відэа з Facebook Андруся Козела, на якім бачна, як яго схапілі. Суддзя задаволіў хадайніцтва. Таксама абаронца папрасіў, каб дапрасілі сведку Францішака Дзядова, які бачыў, як затрымлівалі Андруся. Суддзя задаволіў хадайніцтва.

Андрусь Козел сведчыць.

15:55 Андрусь Козел кажа суддзі, што яму не далі часу азнаёміцца са справай, таму просіць даць магчымасць з ёю азнаёміцца. Суддзя абвесціў перапынак на 20 хвілінаў.

Працаўнік міліцыі, які ўдзельнічаў у затрыманні аператара Андруся Козела прыйшоў у суд над журналістам. Ён адмаўляецца прадставіцца, аднак ягонае імя агучанае ў судзе – Вячаслаў Бумінскі. Да жонкі Андруся, якая зняла гэтае відэа, падышоў іншы працаўнік міліцыі ды запатрабаваў спыніць відэаздымкі.

15:30 Андруся Козела прывялі ў судовую залу.

«Тры разы ўдарылі па галаве, білі па рэбрах і нырках. Цяпер вельмі баліць галава, ніякай медычнай дапамогі не аказалі, усе просьбы ігнаравалі. У мяне ўсё было ў крыві. Мяне павезлі ў РУУС. У дзяжурнай частцы я пачаў пісаць заяву пра збіццё ў пракуратуру. Пасля забралі мяне ў іншы пакой, забралі ўсе рэчы. Пасля туды з’ехаліся чыноўнікі ў цывільным.

Ціску ў ЦІП не было, але не давалі копію пратаколу. Ва ўсіх месцах, дзе патрабавалі мой подпіс, напісалі, што я адмовіўся ад сведчанняў Дзімтрый Кротаў даў загад міліцыянту адвезці мяне ў ЦІП. Мне не далі магчымасці азнаёміцца са справай. Маёр забраў мой ліст і напісаў у пратаколе, што я адміовіўся ад подпісу. Ён паставіў мяне да сцяны, пісаў пратакол, кудысці званіў і гаварыў, што не буду падпісваць. Я сказаў, што буду падпісваць, але ён не даў мне азнаёміцца. Пачаў біць і крычаць, што не будзе праз мяне ўсю ноч тут сядзець», – распавядае Андрусь Козел.

Аператар Андрусь Козел пасля збіцця міліцыянтамі. Бачныя сляды ад удараў па галаве

 

Міліцыянт Уладзіслаў Бушынскі, які збіваў Андруся Козела

 

Кроў на куртцы Андруся

15:21 Суд запланаваны на 15:30. Суддзя Іван Касцян.

14:00 Андруся далей трымаюць у мікраўтобусе перад будынкам суду. Тут збіраецца ўсё больш людзей.

Паводле сведкі Францішака Дзядова, які бачыў, як затрымліваюць Андруся Козела, ён не мог нагамі выбіць шкло ў дзвярах выбарчага ўчастку, бо яго выводзілі з закручанымі за спіну рукамі.

Андруся Козела прывезлі ў суд Цэнтральнага раёну Менску

10:00

Яго яшчэ не прывезлі з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў у суд, у раскладзе паседжанняў пакуль ягонага прозвішча няма. Журналісты «Белсату» ўжо на месцы. Як толькі з’явіцца больш дакладная інфармацыя, Belsat.eu распачне стрым.

Паводле інфармацыі нашых карэспандэнтаў, Андруся вывезлі з ЦІП у суд Цэнтральнага раёну Менску, аднак да месца яго пакуль не давезлі. Міліцыянты, што яго суправаджаюць, не адказваюць на тэлефанаванні.

Вольга Чайчыц напісала ў Facebook, што ён знік.

Нашыя журналісты таксама паведамляюць, што, магчыма, Андруся хаваюць, каб не пабачылі ягоных пашкоджанняў.

Андруся Козела збілі чацвёра міліцыянтаў падчас стрыму з аднаго з выбарчых участкаў у Менску. Праваахоўнікі разбілі яму галаву аб дзверы выбарчага ўчастку. Наш калега быў на выбарах назіральнікам і вёў відэастрым у сваім прыватным акаўнце на «Фэйсбуку».

Збіццё аператара «Белсату» асудзіў віцэ-міністр замежных справаў Польшчы.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў