«Сёння быў такі жудасны выпадак!» Маці лекара Сарокіна распавяла, што ён казаў пра забойства Бандарэнкі


Арцём Сарокін.
Фота: spring96.org

Анестэзіёлаг Менскай больніцы хуткай дапамогі Арцём Сарокін ужо два месяцы застаецца ў няволі за тое, што распавёў пра дыягназ забітага пратэстоўцы Рамана Бандарэнкі. Ягоныя бацькі паведамілі падрабязнасці справы «Народнай Волі».

Маці Арцёма Сарокіна Галіна распавяла, што сын пасля аперацыі 12 лістапада прыехаў да бацькоў і распавёў, што ў больніцу прывезлі моцна збітага чалавека – Рамана Бандарэнку.

«Стаў ля парога, гляджу – у яго ў вачах слёзы. І распавядае: «Мама, сёння быў такі жудасны выпадак! Да нас паступіў збіты хлопец. У яго праламаны чэрап, у рану выступіў ацёклы мозг. Сам таксама ўвесь збіты. І мы ўсю ноч працавалі над тым, каб заправіць гэты мозг хоць бы пад скуру. Але шанцаў выжыць у яго няма», – распавяла «Народнай Волі» жанчына.

Яна лічыць, уладам не спадабалася, што ў апублікаваным пратаколе было напісана, што ў крыві Рамана Бандарэнкі не было алкаголю.

Hавiны
«Менш шуму» – Караеў пракаментаваў забойства Рамана Бандарэнкі
2020.12.06 20:43

«Гэта, напэўна, і аказалася сігналам для сілавікоў, каб даказаць: забіты Рома Бандарэнка быў п’яны. Насуперак аналізам і пратаколу», – мяркуе яна.

Галіна Сарокіна, якая сама медык, пракаментавала і афіцыйную версію пра тое, што алкаголь знойдзены ў мачы забітага.

«Але этанол у мачы кажа аб мінулым часе. То бок, калі ты, скажам, месяц таму піў віно, то ў мачы ў цябе маглі застацца сляды этанолу. Цвярозы ты ці не ў гэты момант, можа паказаць толькі аналіз крыві. А ў крыві ў Рамана Бандарэнкі на момант паступлення ў больніцу было нуль праміле алкаголю», – падкрэсліла яна.

Hавiны
Журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч пакінулі ў СІЗА. Яна адна выхоўвае дачку
2020.12.09 11:50

Галіна Сарокіна паведаміла, што ейнага сына затрымалі на працы 18 лістапада, а пазней прыйшлі з ператрусам дадому. Паняты, паводле яе, быў у кайданках і з сінякамі пад вачыма, магчыма, бесхацінец.

«З дому забралі кампʼютарную тэхніку, электронныя носьбіты, фотаапарат, дзве электронныя кнігі, тэлефон Наташы [жонкі Арцёма. – Belsat.eu], нават бланкі рэцэптаў і 50 долараў, якія знайшлі. Наташа пытаецца: «А навошта грошы забіраеце? У мяне ж трое дзяцей, мне за нешта жыць трэба». У адказ кінулі: «Пражывеш», – паведаміла маці затрыманага доктара.

Кажучы пра відэа з раскаяннем сына, бацькі заявілі, што яго маглі шантажаваць сям’ёй. Таксама яму абяцалі хуткае вызваленне, але «калі з Арцёма ў СІЗА КДБ узялі прызнальныя паказанні, то яго перавялі ў следчы ізалятар на Валадарскага, а пра ўсе абяцанні забыліся». Не згодныя бацькі і з кваліфікацыяй дзеянняў іхнага сына следствам.

Hавiны
Паведамілі «ілжывую» медычную таямніцу – Пракуратура працягвае настойваць, што Бандарэнка быў п’яным
2020.11.29 22:09
  • Лекар менскай Больніцы хуткай медычнай дапамогі Арцём Сарокін і журналістка TUT.by Кацярына Барысевіч былі затрыманыя за тое, што апублікавалі дакументы з аналізамі Рамана Бандарэнкі, якога выкралі з плошчы Пераменаў 11 лістапада і забілі да смерці.
  • Паводле дакументаў, у крыві Рамана не было слядоў алкаголю. Але Следчы камітэт і Аляксандр Лукашэнка сцвярджаюць, што ён быў п’яны.
  • Крымінальнай справы за забойства Рамана Бандарэнкі дагэтуль не распачалі. Грамадскасць падазрае ў датычнасці да забойства старшыню Федэрацыі хакею Беларусі Дзмітрыя Баскава і ягонага сябра Дзмітрыя Шакуту.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў