Сёння – апошні дзень перапісу онлайн


Запоўніць анкеты перапісу на сайтах census.by або перепись.бел можна да 23:59 сёння, 18 кастрычніка.

У пятніцу, 18 кастрычніка, апошні дзень, калі можна перапісацца онлайн праз сайты census.by або перепись.бел. Далей будзе некалькі дзён перапынку, а ад 21-га кастрычніка перапісчыкі пачнуць хадзіць па кватэрах і дамах. Дарэчы, адрасы тых, хто адкажа на ўсе пытанні ў інтэрнэт-анкеце, прыбяруць з базы, і перапісчыкі да іх не прыйдуць. Чалавеку, які запоўніў бланк онлайн, сістэма выдасць адпаведны сертыфікат аб тым, што ён перапісаны.

Калі раптам яго ўсё ж наведаюць перапісчыкі, дастаткова будзе паказаць гэтае пасведчанне. Хадзіць па дамах і кватэрах яны будуць з 21 па 30 кастрычніка (з 9:00 да 21:00).

На раніцу 18 кастрычніка ўсяго ў перапісе прынялі ўдзел 4,46 млн чалавек, з якіх перапісаліся праз інтэрнэт 1,8276 млн чалавек.

Перапіс у Беларусі праходзіць з 4 па 30 кастрычніка. Калі вы не паспелі перапісацца онлайн, гэта можна таксама зрабіць на стацыянарных участках па ўсёй краіне.

Нагадваем, што ўдзел у перапісе – добраахвотны, хаця «Закон аб перапісе насельніцтва» прадугледжвае ўдзел у ім усіх жыхароў Беларусі.

КА belsat.eu

Стужка навінаў