Экс-кіраўніку дэпартаменту судзейства Федэрацыі футболу далі 5 гадоў зняволення


Андрэй Жукаў

5 студзеня агучылі прысуд былому кіраўніку дэпартаменту судзейства Беларускай федэрацыі футболу (БФФ) Андрэю Жукаву.

Абноўлена. Суд Цэнтральнага раёну Менску прысудзіў былога дырэктара дэпартаменту судзейства і інспектавання Беларускай федэрацыі футболу Андрэя Жукава да 5 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і канфіскацыі маёмасці.

Таксама ён не зможа займаць кіроўныя пасады цягам 5 гадоў.


Падчас судовых спрэчак па справе экс-дырэктара дэпартаменту судзейства Беларускай федэрацыі футболу Андрэя Жукава пракурор папрасіў прысудзіць абвінавачанага да пяці гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Адвакат папрасіла перакваліфікаваць абвінавачанне ў артыкул 209 (махлярства), адзначыла, што шэраг эпізодаў быў не даказаны і нагадала, што БФФ ужо вынесла Жукаву суворае пакаранне (ён быў абвешчаны персонай нон-грата). Пры гэтым абвінавачаны быў станоўча характарызаваны на працы. Адвакат папрасіла прызначыць Жукаву мінімальна магчымае пакаранне.

Жукава вінавацяць паводле ч.1, 2 арт.430 (атрыманне хабару, атрыманне хабару паўторна) Крымінальнага кодэксу, а пасля і паводле ч.2 арт. 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, здзейсненае з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці).

Чытайце таксама >>> КДБ паведаміў пра затрыманне групы чыноўнікаў і банкаўскіх работнікаў

Андрэй Жукаў цалкам прызнаў сваю віну і кампенсаваў страты ў памеры 912 рублёў. Падчас свайго апошняга слова ён заявіў, што раскайваецца і просіць прабачэння ў сям’і і ў федэрацыі футболу.

Андрэя Жукава затрымалі 7 чэрвеня мінулага года. На думку абвінавачання, за прызначэнне суддзяў на пэўныя матчы былы кіраўнік дэпартаменту судзейства БФФ браў хабар у памеры $100-200.

НМ, belsat.eu, паводле Tut.by, фотаздымак БелаПАН

Стужка навінаў