Сёлетні «шатдаўн» стаў рэкордны па працягласці ў ЗША


12 студзеня частковае прыпыненне працы ўраду ЗША ўстанавіла рэкорд па працягласці. Да гэтага самы доўгі «шатдаўн» быў падчас прэзідэнцтва Біла Клінтана – з 16 снежня 1995 года па 6 студзеня 1996 года – 21 дзень.

Урад ЗША прыпыняе працу праз адсутнасць фінансавання ў трэці раз за час прэзідэнцтва Дональда Трампа, чаго не здаралася ў краіне ўжо 40 гадоў. Папярэднія збоі адбыліся ў студзені і лютым 2018 года і доўжыліся тры дні і каля сутак адпаведна.

«Шатдаўн» закрануў чвэрць федэральных ведамстваў, 800 тысячаў служачых вымушаныя працаваць без аплаты або выйсці ў неаплатны адпачынак. У мінулую пятніцу бюджэтнікі не атрымалі першы ў новым годзе заробак і рызыкуюць застацца без наступнага. Пасля мінулых збояў супрацоўнікам вярталі запазычанасці па заробках, але няма ніякіх гарантыяў, што гэта адбудзецца і зараз, адзначае АР.

Некаторыя спрабуюць знайсці дадатковы заробак, напрыклад, у якасці школьных настаўнікаў. Іншыя шукаюць сродкі праз краўдфандынгавыя платформы. У некаторых гарадах створаныя пункты дапамогі федэральным службоўцам, iх забяспечваюць ежай і адзеннем, прадстаўляюць бясплатныя сняданкі і абеды.

Паводле эканамістаў з S & P Global, «шатдаўн» ужо абышоўся эканоміцы ЗША ў 3,6 мільярдаў долараў. Як піша РБК, прыпыненне працы ўрада прыкметна адбілася на працы нацыянальных паркаў, некаторыя дзяржаўныя пазыкі і гранты не апрацоўваюцца, спыніліся праверкі бяспекі харчовых прадуктаў. Калі «шатдаўн» працягнецца да лютага, наступствы будуць яшчэ больш сур’ёзнымі, бо шматлікім установам спатрэбіцца распрацаваць больш доўгатэрміновыя планы працы з абмежаваным персаналам і без фінансавання, піша Time.

Прычынаю самога працяглага «шатдаўна» у гісторыі ЗША сталі рознагалоссі паміж Трампам і кангрэсам пра фінансаванне будаўніцтва сцяны на мяжы з Мексікай. Прэзідэнт патрабуе ўключыць у бюджэт 5,7 мільярдаў долараў на гэтыя мэты, але дэмакраты гатовыя вылучыць толькі 1,3 мільярд.

Раней Трамп не выключаў, што ўвядзе ў краіне надзвычайнае становішча, якое дазваляе дамагчыся выдзялення неабходнай сумы на сцяну, але ў пятніцу ён заявіў, што не збіраецца рабіць гэта «так хутка», перадае Washington Post.

Паводле закону пра надзвычайнае становішча, Трамп зможа размеркаваць сродкі паводле свайго меркаванні ў абыход кангрэсу. Акрамя таго, ён можа выкарыстоўваць частку сродкаў і людскіх рэсурсаў Міністэрства абароны на будаўніцтва абʼектаў, неабходных для забеспячэння нацыянальнай бяспекі, адзначае ТАСС.

Паводле WP, Трамп таксама можа прыцягнуць для будаўніцтва сцяны нявыкарыстаныя сродкі з бюджэту інжынерных войскаў, выдзеленыя на ліквідацыю наступстваў стыхійных бедстваў – гэта 13,9 мільярдаў долараў.

Hавiны
Пуцін і Трамп не павіталіся на саміце G20. Вясёлая гіфка
2018.11.30 20:10

СК, belsat.eu, паводле newsru.com

Стужка навінаў