Сёлета «Аліварыя» абяцае новы фармат фестывалю A-Fest


Гэтым летам A-Fest пройдзе ў новым, нязвыклым фармаце. Сёння арганізатары, кампанія «Аліварыя», распавялі, што плануюць правесці шэраг актыўнасцяў у межах A-Fest 2020, якія будуць адрознівацца ад звыклага свята ў Лошыцкім парку.

Многія мерапрыемствы, якія былі запланаваны ў Беларусі на лета 2020, былі адменены ці перанесены як мінімум на год. Такога ж рашэння чакалі і ад «Аліварыі» — арганізатара аднаго з буйнейшых фестываляў, А-Fest. Але кампанія пайшла іншым шляхам і распрацавала канцэпцыю адказнага і бяспечнага фэсту, захаваўшы пры гэтым аптымізм і атмасферу летняга свята.

Перад намі, як і перад іншымі арганізатарамі буйных мерапрыемстваў, вясной гэтага году ўзнікла пытанне: адмовіцца ад правядзення маштабнага фестывалю ці паспрабаваць знайсці выйсце і прапанаваць бяспечную і незвычайную альтэрнатыву? Мы вырашылі заняцца фарматам мерапрыемства, перайначылі звыклае многім паняцце «фестывалю» на новы лад, — дзеліцца Аляксандра Грыбанава, вядучы спецыяліст па карпаратыўных адносінах «Аліварыі». — Зроблена шмат працы, і мы падрыхтавалі шэраг незвычайных актыўнасцяў у межах A-Fest 2020, які будзе адрознівацца ад звыклага многім свята ў Лошыцкім парку! Перад намі стаяла задача падарыць беларусам бяспечную магчымасць крыху адпачыць ад штодзённых думак і добра правесці час. І мы ўпэўненыя, што ў нас атрымаецца гэта зрабіць!

Усе падрабязнасці новага фармату фестываля арганізатары абяцаюць раскрыць у пачатку жніўня.

Стужка навінаў