«Сынкі-дубкі і дачушкі-рабінкі». Радаўніца ў заходнепалескай вёсцы


Могілкі ў заходнепалескай вёсцы Раздялавічы сапраўды старажытныя. Знаходзяцца яны, як і належыць – на ўзвышшы сярод дрэваў, якія раней мясцовыя жыхары часам садзілі замест надмагілляў нябожчыкам. Калі нябожчык быў мужчынскага полу, то садзілі звычайна дубок ці клён, а калі жаночага – то рабіну, ці бярозу. Фотакарэспандэнт belsat.eu назіраў, як у вёсцы на Палессі ўшаноўваюць памяць памерлых.

На старых могілках і дагэтуль можна знайсці дрэвы-надмагіллі нават агароджаныя і ўпрыгожаныя святочнымі аброкамі ў выглядзе каляровых стужак ды ручнікоў (мужчынам), ды фартухоў (жанчынам).



Хавалі тут са старажытных часоў і пад звычайнымі камянямі. Некаторыя з якіх можна нават цяпер знайсці на могілках са стужкамі, яйкамі, хлебам, семачкамі, вадой, ці алкаголем ды часам цукеркамі, якія мясцовыя жыхары пакідаюць прыляцеўшым у выглядзе птушак і іншых жывёлін душам памерлых сваякоў на Вялікдзень, радаўнічныя вясеннія Дзяды ды восеньскія.

Сваякі памерлых і зараз не згубілі традыцыю пакідаць падчас Радаўніцы разам з ежай, відэльцы лыжкі чаркі і талеркі памерлым.

Калісьці на могілках стаяла прыгожая драўляная царква, якая выглядала асабліва прывабна сярод драўляных магільных крыжоў, але цяпер ад яе застаўся звон на дрэве, пад якім пры ўваходзе на могілкі нарадзінцы Раздялавічаў пакідаюць даніну – яйкі, ці манеты.

Ушаноўваюць тут на святы ня толькі могілкі самых блізкіх сваякоў, але і ўсіх сваіх нават далёкіх прашчураў, размаўляюць з імі на могілках, цалуюць ды абдымаюць магілы.

Па тых, аб чыёй смерці вельмі шкадуюць і каго забыць ня могуць, старыя бабулі могуць галасіць на Радаўніцу. Так, напрыклад, згубіўшая двух маладых сыноў і мужа баба Надзя пачынае галасіць на Радаўніцу па сваіх «мужыках» са словаў «Ах вы мае сынкі-дубкі, чаму ж вы тут стаіце…»

Глядзіце ўсе фота:

Тэкст і фота

Вячаслаў Радзіміч, belsat.eu

Стужка навінаў