Сын зруйнаваў матчыну кватэру: няма ні сценаў, ні санвузла, ні кухні


Тамары Небажэнцы 60 гадоў. Жанчына ў самым росквіце залатога веку: выйшла на пенсію, знайшла сваё каханне і… вымушаная судзіцца з уласным сынам за ўласную кватэру.

«У гэтай кватэры я пражыла ўсё сваё жыццё, – распавядае Тамара. – Тут я вырасла сама, а потым выхавала дваіх дзяцей. Пасля выхаду на пенсію я пабралася шлюбам і на перыяд каля пяці гадоў з’ехала за межы Беларусі. Калі год таму я вярнулася, то не пазнала свайго жытла: тут няма ніводнай сцяны, няма падлогі, няма ніякай сантэхнікі – няма ўвогуле нічога. Гэтак распарадзіўся маёмасцю мой старэйшы сын Сяргей, які ёсць саўладальнікам жытла, бо падчас прыватызацыі кватэры я выкарыстоўвала чэкі «Маёмасць» абодвух сыноў».

Спробы Тамары дамовіцца з сынам ні да чаго не прывялі: малады чалавек высунуў маці патрабаванне: падары мне кватэру – тады я ўсё адрамантую.

Тамара Небажэнка паказвае перапіску ў справе сваёй кватэры. Фота belsat.eu
Замест падлогі кардонныя каробкі. Фота belsat.eu

Тамарын сын Небажэнка Сяргей, паводле словаў жанчыны, цісне на тое, што ў яе ёсць іншая кватэра ў адным са спальных раёнаў гораду, а таксама лецішча і гараж. Але пенсіянерка распавяла, што ў той кватэры таксама жыць немагчыма, бо сын і там нарабіў гармідару. Размаўляць з намі малады чалавек адмовіўся: «Запытвайце ўсё ў маці, хай што хоча, тое і распавядае».

«У гэтай сітуацыі, калі паміж Тамарай і яе сынам ёсць канфліктная сітуацыя, – узнікаюць вялікія складанасці, бо кансенсусу бакі знаходзіць не хочуць, – каментуе сітуацыю гомельская адвакатка Алеся Алёхіна. – Закон нам кажа, што яны мусяць гэтую сітуацыю развязаць самастойна. Кватэра прыведзеная ў непрыдатны для пражывання стан. Яна цалкам зруйнаваная: прыбраныя санвузлы, сцены. Сяргей Аляксандравіч, сын Тамары, вырашыў самавольна распарадзіцца кватэрай і пагоршыў яе стан радыкальным чынам. На такія дзеянні ён мусіў атрымаць не толькі згоду сваёй маці, але яшчэ і дазвол адміністрацыі раёну, бо на такое перапланаване існуюць адмысловыя адміністратыўныя працэдуры».

Галоўны пакой у кватэры Тамары Небажэнцы. Фота belsat.eu
Голыя сцены ў лазенцы. Фота belsat.eu

Тамара Небажэнка звярталася ў міліцыю, адміністрацыю раёну, мясцовае КЖРЭУП. Урэшце, гэта ніякіх вынікаў не дало, таму жанчына вымушаная была звярнуцца ў суд.

«Я папрасіла ў судзе, каб долю ў гэтай кватэры, якая належыць старэйшаму сыну (гэта каля 7 квадратных метраў), прызналі нязначнай і перадалі мне. Гэтае месца вельмі зручнае для майго пражывання, бо я маю пэўныя захворванні, якія стала лячу ў мясцовай паліклініцы. Мясцовыя дактары ў свой час паставілі мяне на ногі пасля атрымання інваліднасці», – кажа суразмоўца belsat.eu.

Пакуль Тамары не было ў Беларусі, сын, са словаў суседзяў, распараджаўся кватэрай на свой лад: жыў там, потым пачаў рабіць рамонт. А па вяртанні дамоў Тамара акрамя разбуранай кватэры атрымала яшчэ і даўгі ад камунальных службаў: паслугаў сын не аплачваў.

Тамара Небажэнка звярталася ў міліцыю, адміністрацыю раёна, мясцовы КРЖЭУП. Фота belsat.eu
Запазычанасць за камунальныя паслугі вылічваюць з пенсіі. Фота belsat.eu

«Спачатку быў суд з «Гомельэнерга»: арганізацыя падала на мяне ў суд за доўг і выйграла, – кажа пенсіянерка. – Паколькі сын таксама ёсць уладальнікам долі ў кватэры – пазоў да нас быў агульны. Агулам мы вінныя арганізацыі больш за 400 рублёў. Але сын хаваецца і не хоча плаціць, таму ўсе гэтыя грошы пакрысе вылічваюць з маёй пенсіі, якая складае 250 рублёў. Адпаведна, на жыццё ў мяне застаецца 200 рублёў. З іх я яшчэ аплачваю камунальныя паслугі».

На тое, каб ацаніць пашкоджанні кватэры, жанчына збірала грошы тры месяцы з кожнай пенсіі. Каб атрымаць акт ацэнкі на рукі, ёй давялося заплаціць больш за 300 рублёў. Урэшце пашкоджанні ацанілі на 10 тысяч беларускіх рублёў. «Цяпер у мяне няма ні прыбіральні, ні ванны, ні газу, ні нават падлогі. Я не магу нават памыцца нармальна, – скардзіцца пенсіянерка. – Кожную раніцу трэба прасіцца да суседзяў. Добра, што яны дапамагаюць».

Судовыя спрэчкі маці з сынам працягваюцца ўжо прыкладна месяц. Суд Чыгуначнага раёну Гомля запатрабаваў правесці ацэнку рынкавага кошту кватэры і разлікаў кошту доляў Тамары і Сяргея. На гэтую працэдуру патрабуецца роўна месяц, які жанчына пражыве ў зруйнаванай кватэры.

«Белсат» будзе сачыць за развіццём падзеяў.

МД belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары