Сыходзячы – сыходзь, або Яшчэ адзін урок для аўтарытарных кіраўнікоў

За тым, што адбываецца ў Кыргызстане, афіцыйны Менск сочыць вельмі ўважліва. Хоць і не цалкам афіцыйна. І справа тут зусім не ў прысутнасці грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Курманбека Бакіева, які адыграў, як мы памятаем, пэўную ролю ў найноўшай гісторыі Краіны цюльпанаў. Справа ў неабходнасці.

Гэта ўвайсці ва ўладу проста. Выйсці з улады цяжка. Часам гэта здаецца амаль немагчымым. Прычым чым больш аўтарытарным было тваё кіраванне, тым складаней знайсці выйсце. Апазіцыя і медыя будуць пляткарыць, наколькі ты «хворы на ўладу», што ў цябе то шызафрэнія, то параноя, то мазаічны псіхоз які-небудзь. Але ты-то ведаеш, што ты – абсалютна нармальны. Проста ведаеш пра сябе і пра табой зробленае значна больш за ўсіх тых, хто спрабуе паставіць табе дыягназ. І вось гэта веданне пра сябе ўсёй паўнаты праўды перашкаджае знайсці выйсце.

Абноўлена
Былы прэзідэнт Кыргызстану Атамбаеў здаўся ўладам
2019.08.08 09:13

Але выйсце ж мусіць быць якое-небудзь? І тваё гістарычная (якая ні ёсць, але дыплом у шафе захоўваецца) адукацыя вучыць: прэцэдэнты трэба шукаць у гісторыі. І вось ты сядзіш і думаеш: чыя ж сітуацыя нагадвае тваю – і што за выйсце прыдумаў той ці іншы дзеяч? Лепш, вядома, калі гэта было яшчэ пры тваёй памяці. А яшчэ лепш, калі ты можаш проста патэлефанаваць дарагому Імярэку Імярэкавічу і пацікавіцца, ці добра яму на пенсіі.

У раёне рэзідэнцыі Атамбаева перакрылі дарогі падручнымі матэрыяламі. Прыхільнікі Атамабева выкарыстоўвалі і машыны спецназаўцаў. Фота kaktus.media

Бо паміраць ва ўладзе – гэта таксама не выйсце. Можна паступіць, як паступіў Іслам Карымаў, вядома, але ўсім тым, хто быў да Карымава блізкі, сёння вой як не салодка. Хоць пераемнік дарагога нябожчыка ім жа ў свой час вылучаўся.

Звычайна ў такіх выпадках ствараецца мабільная аналітычная група. Хто ў яе можа ўваходзіць? Спецыяліст па канкрэтным рэгіёне з МЗС. Хто-небудзь з выведкі. Парачка аналітыкаў з акадэмічных або прыўладных інстытутаў. Ну, зразумела, давераная асоба, упаўнаважаная паведамляць пра вынікі маніторынгу непасрэдна правадыру.

І вось яны назіраюць.

Назіраюць за Грузіяй – як ажыццяўляўся трансферт улады ад Шэварднадзэ да трыумвірату «СаакашвіліЖваніяБурджанадзэ». А потым – як распаўся трыумвірат. А потым – як Саакашвілі не проста пайшоў, а эміграваў.

Абноўлена
Дом экс-прэзідэнта Кыргызстану штурмаваў спецназ, але Атамбаеў не затрыманы
2019.08.07 18:24

Назіраюць за Украінай. Як сыходзіў Кучма. Як замест Януковіча узнеслі Юшчанку, а потым Юшчанка прасраў усё Януковічу, а потым Януковіч збег з краіны, а Турчынаў не балатаваўся, а Парашэнка перамог, а потым прайграў… Гэтаму… Увогуле, са «скрыні».

Назіраюць за Азербайджанам – як мёртвы Аліеў перадаў уладу жывому Аліеву.

Назіраюць за Арменіяй – як натоўп вымусіў дэпутатаў здацца на літасць плошчы, а потым новы прэм’ер пачаў разбірацца са старым прэзідэнтам, які адзінаццаць гадоў таму назад сілай разагнаў людзей з гэтай жа плошчы, ды яшчэ і аддаў загад страляць.

Назіраюць за Казахстанам – як Нурсултан ператварыўся з чалавека ў горад, і ўладу якую-ніякую захаваў, а тут раптам высветлілася, што яго ўнук гуляецца ў Лондане наркотыкамі, ну – працяг серыялу будзе, як мы разумеем…

Вось зараз зноў – Кыргызстан. Гэта якога па чарзе прэзідэнта штурмавалі? Спачатку дэмакрат Акаеў кудысьці паляцеў, потым змялі Бакіева (гэты вечна з намі, падобна), потым Атамбаеў. Атамбаеў, праўда, уладу перадаў мірна, нават пераемніка прызначыў. Але вось зараз штурмуюць і яго.

Алмазбек Атамбаеў, Курманбек Бакіеў з жонкай Таццянай. Бішкек, 31 жніўня 2007 год. Фота Reuters

Ці добра гэта?

Як дакладваць першай асобе – які з варыянтаў лепш?

Гэта, вядома, пацешна, але самы лепшы варыянт – Аліева. Ты сканаў, узгадніўшы напярэдадні кандыдатуру свайго сына і спадчынніка з адным са вонкавапалітычных «абкамаў» – Маскоўскім або Вашынгтонскім, і яго прызнаюць. Праўда, для гэтага трэба, каб твой сын кантраляваў нафтавыя патокі прыкладна ў тым жа абʼёме, што і сын прэзідэнта Азербайджана. Каб ён паспеў некаторы час кіраваць краінай у якасці прэмʼер-міністра і пазнаёміцца ў гэтай жа якасці з усёй сусветнай элітай. Тады і можна паміраць.

А калі нафты няма? Што рабіць? Шукаць нафту з упартасцю ідыётаў? Можна. Але цяжка. Асабліва калі яе сапраўды няма.

Сітуацыя з Казахстанам або Кыргызстанам? Не смяшыце нашы Дразды, сябры мае. Любы пераемнік ведае твае грахі лепш, чым ты сам. І дакладна ведае, што дыктаваць правілы гульні ты яму не патрэбны. Таму ён умацуецца, хоць бы трохі, і ўжо тады пакажа, якое тваё месца. Яму гэта проста неабходна, каб прадэманстраваць і гатовасць да рэформаў, і змену вонкавапалітычнага курсу, і барацьбу з карупцыяй, і – што там яшчэ ў нас засталося?

Вось і застаецца, што самым разумным быў Леанід Данілавіч Кучма. Сышоў не проста мірна. Ён перадаў уладу апазіцыянеру. Чалавеку, які ўжо з гэтай прычыны не мог крануць яго асабіста і яго сямʼю. Ну, адабралі ў зяця паказальна завод – найбуйнейшы, дарэчы, у свеце – але ён і прыватызаваны быў не паводле правілаў. А ў астатнім не кранулі.

А як тут кранеш? Як зачапіць, калі заўтра ж – не, адразу ж, куды да заўтрашняга дня цягнуць? – падняўся б крык: ідзе пераслед паводле палітычных матываў! І гэта было б амаль праўдай…

А штурм рэзідэнцыі экс-прэзідэнта Кыргызстану – дык і зусім паказальнае падзея. Сыходзіць трэба тады, калі ты яшчэ любімы і папулярны, а не тады, калі ты дастаў усіх сваім кіраваннем, уключаючы ўласнае асяроддзе.

Увогуле, працытуем яшчэ аднаго разумнага чалавека:

– Калі я народу надакучу, дык пайду зусім. Ніякага пераемніка пакідаць не буду. І ні ў што не буду ўмешвацца. Жывіце, як хочаце. Толькі і мяне не чапайце.

Памятаеце, хто гэта сказаў? Падчас адной з прэс-канферэнцыяў прагучала. І калі аўтар цытаты ўсё яшчэ так думае, то выйсце з улады ў яго сапраўды ёсць.

Аляксандр Фядута belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў