Сыход ІП у падполле і Расею – эканамічная катастрофа?




Індывідуальных прадпрымальнікаў становіцца ўсё менш – выказвае заклапочанасць Міністэрства эканомікі. Але мяняць сваю дзейную палітыку ў дачыненні іх улады не збіраюцца.

Напярэдадні першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што ўсе праблемныя пытанні з ІП – ужо знятыя. То бок працаваць ім больш нічога не перашкаджае. Лідар аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, аднак, сцвярджае, што сітуацыя – дыяметральна супрацьлеглая.

Заклапочанасць змяншэннем колькасці прадпрымальнікаў напярэдадні выказала Міністэрства эканомікі. Паводле намесніцы кіраўніка ведамства Ірыны Касцевіч, 1 красавіка ў краіне было зарэгістравана на 9 тысяч ІП менш, чым летась. Тыя, хто жывуць на памежжы, едуць працаваць да суседзяў.

Праверкі, канфіскацыі, самагубствы

Хто ж мае рацыю? Каб высветліць гэта, мы накіраваліся на сталічныя рынкі ды гандлёвыя цэнтры. Дырэкцыя комплексу «Максімус» патлумачыла пустыя месцы нядаўняй рэканструкцыяй. Самі гандляры кажуць, што іх калегі пазакрываліся яшчэ раней – праз увядзенне новых правілаў – аб абавязковай сертыфікацыі нават найдрабнейшых партыяў імпартнага тавару.

Тыя гандляры, што засталіся працаваць у сваіх павільёнах, неабходную дакументацыю маюць, але, назіраючы за досведам калегаў, усё роўна панічна баяцца праверак.

«Што за штрафы такія, што людзі самагубствам жыццё сканчаюць? Мы ўсе баімся гэтага», – рытарычна пытаецца прадпрымальніца.

Удзельнікі сённяшняга паседжання рабочай групы па ІП у Міністэрстве эканомікі, у тым ліку ўрадоўцы, ушанавалі хвілінай маўчання памяць прадпрымальніцы з Гомля Таццяны Дупанавай, якая скочыла з восьмага паверху пасля таго, як падатковая інспекцыя канфіскавала ў яе тавар.

Лідар прадпрымальніцкага руху тлумачыць цяперашнюю заклапочанасць уладаў тым, што масавае спыненне працы індывідуальнымі прадпрымальнікамі б’е па дзяржаўнай скарбонцы. Але калі ўлады не вернуць для прадпрымальнікаў спрошчанага дакументаабарачэння, хваля заняпаду, на ягоную думку, будзе мацнець. Пры гэтым ён засцерагае – у выпадку масавых праверак (а пакуль яны праходзяць толькі кропкава) існае напружанне ў прадпрымальніцкім асяроддзі можа выліцца ў выбух.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў