«Сыход Елбасы. Або за што я паважаю Назарбаева?»


Я памятаю яго старшынёй казахскага ўрада канца савецкай эпохі. Прычым папулярнасць яго была не ўнутрырэспубліканскай: ён часта падчас З’езду народных дэпутатаў СССР, рэпрэзентоўваў меркаванне казахскіх элітаў і, наколькі можна было зразумець, казахскага народа.

Параўнальна малады, усмешлівы, цалкам ўкладваўся ў перабудоўчы схематычны вобраз «нацыянальнага кіраўніка эпохі Гарбачова» палітык-казах, які актыўна падтрымліваў ідэі інтэрнацыяналізму, сацыялізму з чалавечым тварам, галоснасці і паскарэння. Ён будзе падтрымліваць тыя ж ідэі да самага распаду СССР, да Віскулёў. Старшыня ўрада, першы сакратар рэспубліканскага ЦК кампартыі і член Палітбюро ЦК КПСС, нарэшце, першы прэзідэнт Казахстана. І ў Віскулі, кажуць, яго не паклікалі, бо ведалі дакладна: Нурсултан Абішавіч будзе супраць дэнансацыі Саюзнай дамовы.

Фота: Str / NurPhoto via ZUMA Press / FORUM

Ці быў у яго выбар на той момант? Працэнт рускамоўнага насельніцтва рэспублікі быў вельмі вялікі. Распад СССР ствараў глебу для яшчэ большага міжнацыянальнага напружання. З паўднёвага ўсходу Казахстан атрымаў суседа – Кітай, які, зразумела, з СССР не сварыўся б, але адхапіць кавалак тэрыторыі ад суверэннага Казахстана – чаму б не?

Назарбаеў зразумеў галоўнае: яму трэба будаваць па-сапраўднаму суверэнную дзяржаву, з уласнай, не камуністычнай ўжо, элітай. У яго хапала вопыту і дыпламатычнага такту, каб балансаваць, гуляючы на ​​інтарэсах Расеі і Кітая ў рэгіёне, відавочна аддаючы перавагу Расеі. Але адначасова ён займаўся будаўніцтвам Казахстана ў літаральным сэнсе – пачынаючы ад сімвалічнага пераносу сталіцы з Алма-Аты ў былы Цэлінаград (Акмала). Ён адкрыў эканоміку краіны для заходніх інвестараў, якія працавалі па простых і зразумелых правілах, якія мелі мала агульнага з расейскім эканамічным драпежніцтвам. І – самае галоўнае – штогод ён адпраўляў лепшую казахскую моладзь атрымліваць адукацыю за мяжу.

Назарбаев больше не президент. Что дальше?

Кажуць, што за гады кіравання Назарбаева каля 100 тысяч чалавек атрымалі заходнюю адукацыю, і каля 80% з іх вярнуліся на радзіму. Тут яны сталі топ-мэнэджэрамі дзяржаўных кампаній, чыноўнікамі высокага ўзроўню, палітыкамі. Сёння першым з «птушанят Назарбаева» каля сарака гадоў. Гэта – эліта. Яны не здадуць сваю краіну ні Кітаю, ні Расеі.

І яны ж – гаранты бяспекі Назарбаева. Яны, тыя, што ведаюць не толькі, чым асабіста яны абавязаныя яму, але якія прадстаўляюць, чым абавязаная яму краіна.

У Казахстане пасля заявы Назарбаева пра сыход, людзі масава пачалі набываць долары

Я памятаю, як да сямідзесяцігоддзя Назарбаева размясціў у сябе на старонцы тэкст, у якім павіншаваў яго з юбілеем. Павіншаваў шчыра: Нурсултан Абішавіч быў і застаецца для мяне адной з тых асоб гарбачоўскай эпохі, якіх я заўсёды паважаў. Мяне абвінавацілі ў тым, што я ўсхваляю дыктатара. Гэта не так. Я добра ведаю і пра непатызм і сямейственасць, і пра кланавасць, што квітнеюць у Казахстане. Аб карупцыі заходнія бізнесоўцы, якія працавалі ў гэтай краіне, кажуць, практычна не хаваючы імёнаў і фактаў (зразумела, не для прэсы). І пра тое, што дэмакратыя там цалкам «ўсходняя», пісалі многія.

Але Назарбаеў пабудаваў краіну, не падвяргаючы небяспецы яе існаванне, не закладваючы ўнутраных супярэчнасцяў, не выклікаючы ні ў каго – ні за межамі краіны, ні ўнутры яе – нават думкі пра тое, што яна раптам можа знікнуць.

Назарбаеў ад тытулу «Елбасы» адмаўляцца не стаў. Мне чамусьці здаецца, што ніхто і ніколі не будзе аспрэчваць яго. А ўсё астатняе застанецца прадметам вывучэння спецыялістаў па нацыянальнай гісторыі.

Аляксандр Фядута/АА, паліткансультант, спецыяльна для belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары