Сястра прысуджаных да расстрэлу Іллі і Станіслава Косцевых звярнулася да Лукашэнкі


Ганна Косцева – сястра асуджаных да смяротнага пакарання Іллі і Станіслава Косцевых – стварыла ў інтэрнэце петыцыю з просьбай памілаваць яе братоў.

10 студзеня Магілёўскі абласны суд на выязным паседжанні ў Чэрыкаве вынес смяротны вырак Іллі і Станіславу Косцевым за жорсткае забойства настаўніцы.

Hавiны
Двум братам з Чэрыкава вынеслі смяротныя прысуды за забойства настаўніцы
2020.01.10 13:35

7 сакавіка Ганна Косцева размясціла ў інтэрнэце петыцыю, дзе жанчына звяртаецца да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай памілаваць яе братоў. У тэксце звароту Ганна кажа, што схіляе галаву перад роднымі і блізкімі забітай, але просіць кіраўніка дзяржавы праявіць міласэрнасць і не пазбаўляць хлопцаў жыцця.

«Яны яшчэ зусім маладыя – ім 19 і 21. Так атрымалася ў нашым нялёгкім жыцці, што мы былі вымушаныя занадта рана пасталець, практычна раслі без бацькоў, часта цярпелі галечу і нястачу. Іллю і Станіслава надоўга разлучалі з сямʼёй і яны, на жаль, не атрымалі належнай адукацыі, любові і цяпла. Як магла, я клапацілася пра іх, а яны дапамагалі мне гадаваць дзяцей. Страта двух блізкіх людзей будзе для мяне незаменнай, болем на ўсё мае астатняе жыццё», – адзначае Ганна.

«Аляксандр Рыгоравіч, прашу Вас як прэзідэнта нашай краіны, як любячага бацьку сваіх сыноў – пашкадуйце маіх братоў, не пазбаўляйце іх жыцця, дайце ім адзіны і апошні шанец усвядоміць здзейсненае імі, пакаяцца ў зробленым, а мне магчымасць хоць бы зрэдку бачыцца з імі, з жывымі», – гаворыцца ў звароце.

Па стане на раніцу 11 сакавіка яе падпісалі ўжо 198 чалавек.

Hавiны
«Падчас выраку людзі пачалі пляскаць у далоні». Праваабронца распавёў, як судзілі братоў Косцевых
2020.01.10 14:51

47-гадовая настаўніца з Чэрыкава Наталля Кастрыца была забітая 10 красавіка 2019 года ва ўласным доме. Па версіі дзяржабвінавачання, паміж братамі і іх былой настаўніцай быў канфлікт. У свой час жанчына распавяла праваахоўнікам, што сястра братоў ня выконвае належным чынам свае бацькоўскія абавязкі – маладая жанчына знаходзілася ў адпачынку па доглядзе за дзіцем. Праз гэта сям’ю паставілі на прафілактычны ўлік як якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Падчас застолля дома пʼяныя браты ўспомнілі пра сваю непрыязнасць да суседкі – і пайшлі да яе разабрацца. Калі жанчына ўпусціла маладых людзей у дом, яны сталі збіваць яе, а потым пачалі біць нажом.

Браты забілі жанчыну, скралі ў яе кампʼютар і прадукты харчавання, а затым падпалілі дом ахвяры, каб схаваць сляды злачынства. Паводле следства, Косцевы нанеслі настаўніцы больш за 100 нажавых раненняў.

Справа аб забойстве ў Чэрыкаве знаходзілася на кантролі Аляксандра Лукашэнкі. Пра сам кіраўнік дзяржавы распавядаў у інтэрвʼю «Эхо Москвы»:

«У нас на кантролі прэзідэнта ёсць грамадска значныя справы. Учора мне дакладваў старшыня Вярхоўнага суду аб разглядзе гэтых справаў. Вось адно з іх. Два падонка, інакш іх не назавеш – ужо і разбоі былі, і каралі іх – забілі сваю настаўніцу. За тое, што яна абараніла дваіх дзетак іх сястры. Сястра ніякая, асацыяльны элемент. А [настаўніца] абараніла іх і запатрабавала забраць з сямʼі. Яны яе рэзалі ўсю ноч. Яны забівалі яе ўсю ноч. Яна ўмольвала, прасіла, і ў рэшце рэшт яны яе да раніцы дабілі».

КА belsat.eu

Стужка навінаў