«Сярожа». Гісторыя жыцця беларуса Падляшша - у дакументальным фільме «Белсата»


У 2015 годзе рэжысер Юры Каліна стварыў дакументальную стужку пад назвай «Сярожа». У ёй распавядаецца пра лёс беларуса з Падляшша. Мы прыгадалі гісторыю Сяргея Нічыпарука з вёскі Буды, што ў Белавежскай пушчы, з нагоды палемікі, якая разгарнулася ў грамадстве вакол нядаўняй акцыі польскіх нацыяналістычных сілаў у Гайнувцы.

Сяргей Нічыпарук жыве ў вёсцы Буды ў Белавежскай пушчы. Спачатку ён быў камуністам, пасля скончыў праваслаўную семінарыю ды ўзначаліў суполку антыкамуністычнага прафсаюзу «Салідарнасць», цяпер мае свой бізнес.

На ягонае жыццё паўплывала гістарычная траўма, і ў гэтым сэнсе ягоная біяграфія – адлюстраванне лёсу цэлай беларускай праваслаўнай меншасці, якая жыве ва ўсходняй частцы Падляскага ваяводства. Продкі Сяргея паходзілі з невялікай беднай вёскі, стагоддзямі працавалі на раллі, маліліся ў праваслаўнай царкве, са страхам у вачах прымалі кожную змену ўлады, але ў той жа час намагаліся спадабацца новым уладам і прыстасавацца да новых варункаў.

За лаяльнасць беларусаў да камуністычнага рэжыму, які ўсталяваўся ў Польшчы пасля вайны, ім адпомсцілі ўдзельнікі антыкамуністычнага падполля. На Падляшшы адбыліся пагромы некалькіх беларускіх вёсак, у якіх загінулі 79 чалавек. Доўгі час беларусы маўчалі пра забойствы, баючыся чарговай помсты.

На здымачнай пляцоўцы фільма “Сярожа”, фота belsat.eu

Сярод ахвяраў 17 чалавек паходзілі з вёскі Заляшаны, у якой нарадзіўся Сяргей Нічыпарук. Загінула шмат ягоных сваякоў. І ў маладосці ён стаў ідэйным камуністам. Але ўжо ў 1970-я выкінуў партбілет і паступіў у праваслаўную семінарыю ў Варшаве. Пасля, падчас ваеннага становішча ў Польшчы, перайшоў на бок тых, хто змагаўся за незалежнасць: узначаліў у Дубічах Царкоўных суполку «Салідарнасці індывідуальных фермераў» – структуру падпольнага антыкамуністычнага прафсаюзу, дзякуючы якому краіна ў 1989-м вызвалілася ад прасавецкіх уладаў. Паказальна, што гэта была адзіная праваслаўная гміна на Беласточчыне, дзе паўстала такая арганізацыя.

У новай Польшчы Сяргей Нічыпарук стаў прыватным прадпрымальнікам. Больш за 30 гадоў ён будуе драўляныя дамы, корчмы, гаспадарчыя будынкі і цэрквы. Апрача гэтага, разам з сям’ёю трымае агратурыстычны пансіянат у вёсцы Буды. Некалькі дамоў з пакоямі для гасцей,лазня, карчма паляўнічага, этнаграфічныя экспанаты, усё агароджанае традыцыйным падляскім плотам з жывой вярбы – тынам. Найвялікшы гонар гаспадароў – адрамантаваная хата, пабудаваная ў 1887 годзе, з арыгінальным дэкорам той эпохі.

Сяргей Нічыпарук дапамог пабудаваць у вёсцы Заляшаны манастырскі дом св. Кацярыны, у якім ягоная дачка – праваслаўная манашка сястра Лізавета – моліцца за спакой душаў жыхароў вёскі, забітых у 1946 годзе.

Гісторыя беларуса з Падляшша – у дакументальным фільме Юрыя Каліны «Сярожа» на «Белсаце»

belsat.eu

Стужка навінаў