Сярод затрыманых сёння – зноў журналісты


Падчас Маршу суседзяў у Беларусі 29 лістапада былі затрыманыя прынамсі трое журналістаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Як паведаміў карэспандэнт «Белсату», у Берасці затрымалі журналіста «Брестской газеты» і TUT.BY Станіслава Коршунава, а таксама кіраўніка мясцовай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў Максіма Хлябца.

Іх аўтамабіль спыніла машына ДАІ, якая ехала за імі з мігцелкай. Побач была акцыя, у якой бралі ўдзел каля 40 чалавек. Журналістаў даставілі ў Ленінскі РУУС Берасця, а пасля адпусцілі.

У Менску ж была затрыманая журналістка газеты «Новы Час» Яна Трусіла. Калегі знайшлі яе ў Ленінскім РУУС. Роўна два тыдні таму Яна Трусіла выйшла з-за кратаў пасля 13 сутак арышту, піша БАЖ.

Агулам на гэты момант праваабаронцы паведамляюць пра 254 затрыманых.

Hавiны
За кратамі паводле крымінальных артыкулаў – трое журналістаў. Як іх падтрымаць?
2020.11.27 19:53

Таксама ўвечары 29 лістапада скончыўся тэрмін, на працягу якога журналістцы TUT.BY Кацярыне Барысевіч павінны былі выставіць абвінавачванне і выбраць меру стрымання. Паколькі на свабоду яе не адпусцілі, выданне робіць выснову, што Кацярына знаходзіцца ў статусе абвінавачанай і застаецца пад вартай. Следства ўзяло з адвакатаў падпіску пра неразгалошванне ў самым шырокім значэнні, таму на які тэрмін абрана самая строгая мера стрымання, невядома. Зыходзячы з практыкі, можна меркаваць, што на два месяцы, то бок да 19 студзеня 2021 года.

Кацярыну Барысевіч затрымалі 19 лістапада ў сувязі з крымінальнай справай аб нібыта раскрыцці медычнай таямніцы збітага да смерці Рамана Бандарэнкі (ч.3 арт. 178 КК). Яна прывяла ў артыкуле словы лекара аб адсутнасці ў крыві рамана алкаголю, што супярэчыла заявам прадстаўнікоў уладаў.

Кацярыну спачатку змясцілі ў СІЗА КДБ, затым перавялі ў СІЗА-1.

МГ belsat.eu

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева(«Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!

Стужка навінаў