Аўтазак пратараніў натоўп пратэстоўцаў на Нямізе. На вуліцах – тысячы людзей


Напярэдадні 9 жніўня ў некалькіх тэлеграм-каналах з’явіўся заклік сабрацца каля стэлы «Менск – горад-герой» а 20:30, пасля закрыцця выбарчых участкаў.

23:10 Каля стэлы АМАП фактычна акружаны пратэстоўцамі. Чатыры хуткія паехалі ад Кастрычніцкай плошчы ў бок Нямігі.

23:05 Аўтазак пратараніў натоўп пратэстоўцаў на Нямізе. На зямлі ляжаць людзі. Аднаго з іх працягнула некалькі метраў. АМАП не дае выклікаць скорую. Людзі не разыходзяцца і скандуюць «Забойцы».

23:00 Адзін чалавек падышоў да калоны АМАПу, стаў на калені, пратэстоўцы спрабуюць яго адцягнуць, лічаць, што гэта правакацыя.

У бок Нямігі з Кастрычніцкай едуць вадамёт.

22:55 Журналісты ўбачылі на дарозе чалавека з надпісам на спіне «Прэса». Мужчына трымаўся за галаву, вакол стаялі сілавікі. Пазней мужчына лёг на газон, яго ўзялі пад рукі і адвялі за аўтазакі, бо ён не мог ісці сам.

Людзі разышліся, каб прапусціць скорую, АМАП таксама. Сярод пратэстоўцаў ёсць людзі ў камізэльках меддапамогі, найхутчэй гэта валанцёры.

22:40 Людзі працягваюць стаяць на скрыжаванні пр. Машэрава і супермаркету BIGZ. Скандуюць «Сыходзь», «Жыве Беларусь», «Сумленныя выбары». Аўтазакі перакрылі рух па пр. Машэрава, людзі ў адказ скандуюць «Ганьба».

Людзі працягваюць стаяць на скрыжаванні пр. Машэрава і супермаркету «Bigzz». Скандуюць «Сыходзь», «Жыве Беларусь», «Сумленныя выбары». Аўтазакі перакрылі рух па пр. Машэрава, людзі ў адказ скандуюць «Ганьба».

Людзі перакрылі пр. Машэрава і ідуць насустрач АМАПу.

Людзі ідуць да стэлы

22:25 Са шчытамі ў экіпаванні АМАП ідзе на моладзь. Галіна Абакунчык паспела сказаць, што на вуліцы пачаўся хапун. Людзей брутальна затрымліваюць без разбору.На Машэрава вайскоўцы ўжылі святлошумавыя гранаты.

Разгон пачаўся каля гатэлю «Беларусь». Сілавікі бягуць у бок Палацу Спорту. У некалькіх месцах назіраліся сутычкі АМАПу з людзьмі.

22:19 Насупраць стэлы людзі сталі ў ланцуг. Насупраць натоўпу стаяць байцы АМАПу разам з унутранымі войскамі. Людзі крычаць, што не хочуць біцца.

22:12 Аўтазакі з аўтобусамі з’ехалі з Машэрава, перадае наш карэспандэнт. Адначасова прыехалі байкеры, далучыліся да ўдзельнікаў пратэсту. Людзей ужо каля трох тысячаў. Ідуць назад да стэлы. Аўтазакі вяртаюцца на пр. Пераможцаў. Журналісты паведамляюць, што чулі гук, падобны да выбуху і стрэлаў.

22:00 Людзей далей адціскаюць ад стэлы, але іхная колькасць расце. Прыганяюць больш аўтазакаў – цяпер іх прыблізна 15, падцягнуліся ўнутраныя войскі. Людзі стаяць з розных бакоў. Відаць, што АМАП не ведае, што рабіць. Паводле журналіста «Белсату», ім цяжка разганяць пратэстоўцаў, бо тыя пераходзяць з аднаго боку праспекту на другі. Людзі крычаць «Ганьба», «Перамен», «Жыве Беларусь», «Фашысты», «Гестапа».

21:46 АМАП працягвае затрымліваць людзей на пр. Машэрава. Цяпер пратэстоўцаў выціскаюць у двары. На месца прыехалі прыблізна 10 аўтазакаў і столькі ж міліцэйскіх мікрааўтобусаў. Сумарна, паводле ацэнкі карэспандэнта «Белсату», у пратэстах у раёне пр. Пераможцаў бяруць удзел да 2 тысячаў чалавек. Міліцыянты выціснулі большасць людзей з пр. Пераможцаў у двары жылых дамоў.

21:41 Людзі скандуюць «Ганьба». Адключылі святло.

21:35 Каля стэлы менчукам сабрацца не далі. На праспекце Пераможцаў адбыліся шматлікія затрыманні, на гэты момант цяжка сказаць, колькі затрыманых. Паводле карэспандэнта «Белсату», людзей моцна збівалі, ёсць параненыя. Цяпер людзі з абодвух бакоў праспекту Пераможцаў у раёне стэлы. Нейкага канкрэтнага плану дзеянняў няма, усё адбываецца даволі хаатычна.

21:20 Каля Стэлы людзей амаль няма, але ў ваколіцах, на праспекце Пераможцаў сабраліся каля 1 тысячы менчукоў, ідзе бойка з АМАПам, паведамляе карэспандэнт «Белсату».

21:10 У скверы на вуліцы Грыбаедава каля Стэлы сабраліся каля 20-30 мясцовых жыхароў, у тым ліку з дзецьмі. Да скверу прыехалі 2 аўтазакі, супрацоўнікі міліцыі паведамілі, што людзі маюць 2 хвіліны, каб разысціся, пасля гэтага пачалі выцісняць людзей са скверу. Карэспандэнт “Белсату” стаў сведкам, як затрымалі 1 чалавека, але пасля адпусцілі. Пасля спробы выціснуць людзей са скверу, аўтазакі з’ехалі, людзі вярнуліся ў сквер. На месцы дзяжураць 3 машыны хуткіх побач з якімі стаяць людзі ў цывільным.
20:25 АМАПаўцы ходзяць каля стэлы. Каля самой стэлы два АМАПаўцы. Людзей, што стаялі каля стэлы, папрасілі спусціцца. Міліцыянты падыходзяць да тых, хто стаіць каля стэлы і праводзяць з імі размовы.

Па розных баках праспекту разышліся праваахоўнікі.Яны стаяць каля пераходаў і святлафораў. Каля стэлы ўжо тры аўты хуткай дапамогі.

20:00 Як перадае наш менскі карэспандэнт, пакуль там спакойна, людзей няшмат. З розных бакоў стэлы стаяць два аўтазакі. На ўваходзе ў парк Перамогі – яшчэ два аўтазакі, а за імі – дзве машыны АМАПу і пажарныя.

Аўтазакі і вайсковая тэхніка ў цэнтры Менску. Фота belsat.eu

Мінакі заўважылі мінімум трох жанчын сярод працаўнікоў АМАПу. Пакуль рух не перакрылі, грамадскі транспарт спыняецца на прыпынках.

Па праспекце ездзяць аўтамабілі з бел-чырвона-белымі сцягамі і белымі стужкамі. Адно з такіх аўтаў спынілі, на кіроўцу складаюць пратакол. Таксама вялікі рух аўтазакаў і міліцэйскіх машынаў.

Аўтазакі і вайсковая тэхніка ў цэнтры Менску. Фота belsat.eu

Адзін аўтазак пад’ехаў бліжэй да стэлы. Амапаўцы прагульваюцца каля яе. За Музеем ВАВ стаіць яшчэ адзін аўтазак з амапаўцамі. Адзін працаўнік ДАІ – каля пераходу. Закрываюць падземны пераход.

Аўтазакі і вайсковая тэхніка ў цэнтры Менску. Фота belsat.eu

З другога боку ад стэлы стаіць машына хуткай. Аўтазакі ёсць і каля Палацу Спорту.

 

Стужка навінаў