Сяргей Скрабец: За адмену санкцыяў супраць беларускіх уладаў заплачаныя немалыя грошы


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=45aV2cytBzg”][vc_column_text]Як разбагацелі беларускія таўстасумы ды чаму іх нельга назваць алігархамі, распавёў у праграме «Гарачы каментар» былы бізнесовец і палітвязень Сяргей Скрабец.

Беларускіх багачоў можна назваць мільянерамі, але нельга называць алігархамі, мяркуе былы бізнесовец ды экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў, былы палітвязень Сяргей Скрабец.

«Алігархія – гэта рэжым маленькай групы людзей, у руках якіх улада і грошы. Гэта дазваляе абслугоўваць гэтую групу, рабіць усё ў інтарэсах гэтай групы, не звяртаючы ўвагу на інтарэсы грамадства, насельніцтва. Таму казаць, што ў нас ёсць алігархія – гэта будзе памылкай. У нас ёсць адзін алігарх, якога мы ўсе ведаем і які цяпер прадоўжыў свае паўнамоцтвы на 5 гадоў», – заўважыў спадар Скрабец.

Беларускія мільянеры Юры Чыж, Аляксандр Шакуцін, Павел Тапузідзіс уваходзяць у першую дзясятку багачоў Беларусі, але – яны не алігархі, бо не маюць улады. Гэтыя людзі – фактычна абслуга, бо не могуць нават свабодна распараджацца сваймі грашыма, якія фактычна належаць аднаму алігарху – кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку, падкрэсліў былы палітвязень.

У Беларусі нямала мільянераў, імі з’яўляюцца ўсе чыноўнікі на высокіх пасадах, бо маюць па 2-3 катэджы ў Драздах і маёмасць, якую можна ацаніць мільёнамі долараў, адзначыў былы бізнесовец.

«Бізнес Тапузідзіса быў мафіёзны, бо ён гандляваў тытунём. Пефціеў гандляваў зброяй пад прыкрыццём уладаў. Што датычыць Чыжа і Шакуціна, то іх бізнес не такі мафіёзны, звязаны з нафтаю, энерганосьбітамі, якія паступаюць у Беларусь з Расеі», – заўважыў спадар Скрабец.

Падзел сфераў у бізнесе праходзіў не вельмі спакойна, бо шмат якія бізнесоўцы былі вымушаныя з’ехаць з краіны, падкрэсліў экс-дэпутат або зніклі як Анатоль Красоўскі. Тыя людзі, якія пагадзіліся працаваць на ўмовах уладаў, атрымалі доступ да беларускага рынку пад кантролем сям’і Лукашэнкаў і такім чынам пагадзіліся, што іхныя грошы будуць пералічвацца ва ўласны фонд прэзідэнты.

«І ім дазволілі займацца буйным бізнесам – гэта энерганосьбіты, зброя, тавары ўнутранага спажывання, сеткі гатэляў, супермаркетаў і гэтак далей», – распавёў былы бізнесовец.

Памер фонду кіраўніка Беларусі спадар Скрабец параўноўвае з памерам бюджэту – каля $ 20-30 млрд.

«Я не лічу, што гэтыя грошы ляжаць гатоўкай у валізках у Нацбанку – яны таксама працуюць. Яны патрэбныя на выбарах, частка іх ідзе на падтрыманне сённяшняй улады і тых людзей, якія займаюцца выбарамі. Гэтыя грошы ідуць на рэзідэнцыі – цяпер пабудавалі адну рэзідэнцыю, кошт якой ацэньваюць у прыкладна $ 5 млрд», – звярнуў увагу былы палітвязень.

Пракантраляваць гэтыя грошы немагчыма, бо яны скумуляваныя на афшорных рахунках ды працуюць не толькі ў Беларусі, але на рынках Кітаю, арабскіх краінаў і гэтак далей. Заходнія партнёры не будуць уплываць на Лукашэнку, абмяжоўваючы рух ягонага капіталу за мяжою, бо самі зацікаўленыя ў тым, каб зарабіць, мяркуе спадар Скрабец.

«Напрыклад, за адмену санкцыяў (супраць беларускіх чыноўнікаў і кампаніяў – рэд.), якая цяпер плануецца, заплачаныя таксама грошы, і не малыя, я лічу», – заўважыў былы бізнесовец.

МЯ, belsat.eu[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў