Сяргей Навумчык вярнуўся ў Беларусь


Адразу з аэрапорту ён паедзе да магілы Быкава.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету прыляцеў у Менск пасля 20 гадоў палітычнай эміграцыі, і збіраецца адразу ўдацца на магілу Васіля Быкава.

«Я ня мог прыехаць на пахаванне – але цяпер магу пакласці кветкі на магілу», – заявіў ён у інтэрвʼю свайму роднаму радыё «Свабода», дзе працуе ад 1990 году.

«Для мяне Васіль Уладзімеравіч вельмі шмат значыў. У асабістым плане ён папросту памяняў мой лёс. Добрыя з ім адносіны я лічу Божым падарункам. Заўсёды адчуваў ягонае падтрыманне».

Вяртанне, са словаў Навумчыка, выклікана сямейнымі абставінамі: пажылым бацькам усё цяжэй прыязджаць у Прагу, дзе ён жыве.

У Беларусь Сяргей Навумчык вярнуўся разам з жонкай і дачкой, якой беларуская амбасада ў Празе пацвердзіла беларускае грамадзянства.

Навумчык выехаў з Беларусі ў красавіку 1996 года – адначасова са старшынём БНФ Зянонам Пазняком, – пасля манапалізацыі Лукашэнкам улады. Абодва палітыкі атрымалі ў Амерыцы палітычны прытулак. У 1997 годзе Навумчыка абралі намеснікам старшыні Рады БНР.

Паводле Навумчыка, чакаць прыезду Пазняка, аднак, не варта.

«Летась у верасні ў цэнтры Менску прайшла прэзентацыя маёй кнігі пра рэферэндум 1995 году, сабралася больш за трыста чалавек, імпрэза прайшла без якіх-небудзь перашкодаў з боку ўладаў», – кажа Навумчык ды прыгадвае арышт на мяжы кнігі Пазняка – не пра палітыку, пра мастацтва фатаграфіі. На думку Навумчыка, гэта яскрава сведчыць пра сённяшняе стаўленне да асобы лідара КХП БНФ.

ДД, belsat.eu; фота: IRL.BY

Стужка навінаў