Сяргей Міхалок атрымаў дазвол на жыхарства ва Украіне


Былы лідар беларускага гурта «Ляпіс Трубяцкі», а цяпер фронтмэн гурта «Brutto» Сяргей Міхалок і яго прадзюсар Антон Азізбекян атрымалі від на пастаяннае пражыванне ва Украіне.

25 траўня старшыня Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны Сяргей Радутны ўручыў ім гэтыя пасведчанні, паведамілі unian.net у прэс-службе ведамства.

Як нагадалі ў міграцыйнай службе, сёлета ў студзені віцэ-прэм’ер – міністр культуры Украіны Вячаслаў Кірыленка падаў хадайніцтва ў МУС з просьбай даць дазвол на пражыванне для двух беларускіх артыстаў як дзеячам культуры, іміграцыя якіх адпавядае інтарэсам Украіны. Гэта мела падтрымаць імідж Украіны як дзяржавы, у якой гарантаваныя магчымасці для свабоднага выказвання ўласных поглядаў і перакананняў, у тым ліку праз творчую дзейнасць. Прэм’ер-міністр заклікаў улічыць пазіцыю групы ў падтрыманні ўкраінскай Рэвалюцыі годнасці і ўклад калектыву ў развіццё ўкраінскай музыкі.

У Дзяржаўнай міграцыйнай службе адзначылі, што від на жыхарства дае замежнікам права пастаянна пражываць ва Украіне і карыстацца тымі ж правамі і свабодамі, а таксама несці такія ж абавязкі, як і грамадзяне Украіны, за выключэннем права выбіраць і быць выбранымі ў органы ўлады, працаваць на дзяржаўнай службе і гэтак далей.

Музыка Сяргей Міхалок і яго прадзюсар Антон Азізбекян пастанавілі атрымаць права на пастаяннае пражыванне ва Украіне, не адмаўляючыся ад беларускага грамадзянства.

Міхалок тлумачыў, што падрыманне “Ляпісамі” рэвалюцыйных падзей ва Украіне негатыўна і варожа ўспрымаецца ўладамі Беларусі і Расеі, якія ствараюць перашкоды для паўнавартаснага творчага працэсу.

«Ляпіс Трубяцкі» ад пачатку падтрымліваў Рэвалюцыю годнасці ва Украіне. А іх песня «Воіны святла» стала адным з неафіцыйных гімнаў Майдану.

У роднай Беларусі гурт «Ляпіс Трубяцкі» ужо даўно ў «чорным спісе» музыкаў, якія не маюць права выступаць на тэрыторыі краіны.

МЯ, паводле unian.net

Стужка навінаў