Сяргей Лаўроў заявіў, што Беларусь і Расея настроены рэфармаваць Саюзную дзяржаву


Міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў у інтэрв’ю RTVI распавёў пра будучыню Саюзнай дзяржавы і выступіў з крытыкай Святланы Ціханоўскай.

Лаўроў адзначыў, што праца над далейшым развіццём Саюзнай дзяржавы ідзе і яна абапіраецца на дамову 1999 года.

«Там 31 дарожная мапа. Кожная з іх прысвечана канкрэтнага падзелу Саюзнай дамовы. Так што настрой на працяг рэформы ёсць. Гэта было пацверджана прэзідэнтамі падчас іх нядаўняй тэлефоннай размовы. Гэта пацвярджаецца і сустрэчай прэзідэнтаў у Сочы», – адзначыў ён.

Паводле Лаўрова, у Беларусі цяпер «сітуацыя напружаная праз тое, што апазіцыя спрабуе аспрэчыць вынікі выбараў».

«Я перакананы, што як толькі сітуацыя нармалізуецца, праца па прасоўванні інтэграцыйных працэсаў адновіцца», – дадаў міністр.

Кіраўнік МЗС РФ выступіў з крытыкай Святланы Ціханоўскай і беларускай апазіцыі ў цэлым. Паводле міністра, суседнія краіны нібыта маніпулююць беларускай апазіцыяй і «ашалела нацкоўваюць» яе на Расею.

«Я ўжо казаў некалькі разоў пра тое, у якім становішчы апынулася Святлана Ціханоўская. Тое, што яна кажа не сваім голасам, для мяне відавочна. Яна знаходзіцца ў сталіцы Літвы (Вільні), якая ў першых шэрагах разам з нашымі польскімі калегамі патрабуе змены ўлады. Вы ведаеце, што ўжо Літва абвясціла Ціханоўскую лідарам Рэспублікі Беларусь, Лукашэнка абвешчаны нелегітымным прэзідэнтам. І Ціханоўская робіць заявы, якія, вядома ж, выклікаюць велізарную колькасць пытанняў».

У прыватнасці, Лаўрова абурыў зварот Ціханоўскай да сілавікоў:

«На днях яна заявіла аб тым, што заклікае сілавікоў стаць на бок закона. Гэта прамое запрашэнне да здрады прысязе і здрадзе Радзіме. Гэта, напэўна, крымінальнае злачынства».

Лаўроў абвінаваціў беларускую апазіцыю ў тым, што яна хоча рухацца ў бок ЕЗ і NATO, праводзіць беларусізацыю і выціскаць расейскую мову.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў