Сяргей Канеў: Падазраваны ў замаху на Скрыпалёў палкоўнік ГРУ браў удзел у «эвакуацыі» Віктара Януковіча


Палкоўнік расейскага выведчага ведамства ГРУ (Главное разведовательное управление) Анатоль Чапіга («Руслан Башыраў»), якога Вялікая Брытанія падазрае ў атручванні экс-агента расейскай выведкі Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі, у 2014 годзе ўзначальваў спецаперацыю па вывазе былога кіраўніка Украіны Віктара Януковіча.

Пра гэта ўкраінскаму тэлебачанню hromadske.ua распавёў расейскі журналіст Сяргей Канеў.

Паводле крыніцаў Канева, у 2014 годзе Чапіга ўзначальваў падраздзяленне спецназу, якое ахоўвала Януковіча ў ягонай рэзідэнцыі ў Межыгор’і, а пазней перавёз экс-прэзідэнта Украіны ў Крым (затым у Расею). Паводле Канева, за гэтую спецаперацыю Чапіга атрымаў званне Героя Расеі. Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэзідэнта Расеі, заявіў, што чалавек з такім імем не атрымліваў Героя Расеі.

Расейскі журналіст Сяргей Канеў браў удзел у расследаванні «The Insider» і «Bellingcat» аб падазраваных у замаху на Скрыпалёў Башырава і Пятрова. Таксама Канеў працаваў у «Цэнтры ўпраўлення расследаваннямі», які фінансуецца былым расейскім алігархам Міхаілам Хадаркоўскім. Некалькі дзён таму ён быў вымушаны выехаць за мяжу. Паводле Канева, супраць яго рыхтавалася правакацыя. Журналіст даведаўся, што яго хочуць абвінаваціць у спробе зладзіць замах на Уладзіміра Пуціна.

ЮВ, belsat.eu, паводле hromadske.ua

Стужка навінаў