Сянцоў галадае ў расейскай турме 100 дзён


За час галадавання 42-гадовы рэжысёр страціў каля 30 кілаграмаў, аднак памілавання прасіць не збіраецца.

На фоне галадоўкі ў Алега Сянцова абвастрылася хранічнае захворванне сэрца і з’явіліся праблемы з печанню, ныркамі, пачалася анемія, здранцвенне канечнасцяў, пульс знізіўся да 40 удараў у хвіліну.

Федэральная служба выканання пакаранняў называе яго стан «задавальняючым» і заяўляе, што працягвае «лячэнне, накіраванае на падтрыманне арганізма».

Алега Сянцова падтрымліваюць актывісты з усяго свету. Міжнародны ПЭН-цэнтр з 14 жніўня праводзіць марафон напісання лістоў на падтрыманне Сянцова. Сёння гэтыя лісты прынясуць у амбасады Расеі ў розных краінах.

Украінскі рэжысёр Алег Сянцоў абвясціў бестэрміновую галадоўку 14 траўня. Палітвязень патрабуе ад Крамля вызваліць усіх украінскіх грамадзянаў, якіх прыгаварылі да турэмных тэрмінаў па сфабрыкаваных справах.

Рэжысёра абвінавацілі ў тэрарызме на тэрыторыі Крыма (падпал офісу партыі «Единая Россия», які раней належаў украінскай «Партыі рэгіёнаў» і планаванне падрыву помніка Леніна). Сянцова асудзілі на 20 гадоў турмы. Абвінавачванне базавалася на паказаннях двух раней судзімых жыхароў Крыму. Пазней яны заявілі праваабронцам, што падчас следства іх катавалі.

«Я не буду ні пра што вас прасіць, усім усё зразумела. Суд акупантаў не можа быць справядлівым паводле вызначэння. Нічога асабістага», – сказаў у сваім апошнім слове ў судзе Алег Сянцоў.

Расейскі праваабарончы цэнтр «Мемарыял» прызнаў Сянцова вязнем сумлення.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў