Сянцоў ды іншыя закладнікі – куды яны вярнуліся?

Расея і Украіна абмяняліся асобамі, якіх утрымлівалі за здзейсненае – або не здзейсненае – злачынства на тэрыторыі іншай дзяржавы.

Сваякі сабраліся сустракаць родных, якія ўтрымліваліся ў Расеі.
Фота: Reuters / Forum

Кожная з дзяржаваў сцвярджае, што яно затрымала, арыштавала і асудзіла (або не паспела асудзіць, але мела намер – як у выпадку з украінскімі маракамі ў Расеі) злачынцаў. Адваротны ж бок настойваў на тым, што тыя злачынцамі не з’яўляюцца.

Цяпер тых, каго трымалі, адпусцілі туды, дзе іх чакалі. У кожным выпадку, чакалі грамадзянаў Украіны.

Яны вяртаюцца. Пытанне ў тым, куды менавіта вяртаюцца.

Справа ў турме

З моманту інцыдэнту з украінскімі маракамі сама Украіна вельмі змянілася. Дастаткова сказаць, што затрымлівалі іх расейцы ў адной палітычнай сітуацыі ва Украіне, вызвалялі ўжо ў прынцыпова іншай. І справа зусім не ў асобе прэзідэнта. Дакладней, не толькі ў ёй. Справа ў турме.

Чалавек, асуджаны на пакуты – асуджаны, з яго пункту гледжання, несправядліва, у чужой краіне, якая знаходзіцца ў стане неабʼяўленай, але ад таго не менш адчувальнай вайны з яго радзімай, – непазбежна ідэалізуе гэтую радзіму. Цяпер яго вызваляюць. Ён прыязджае ў краіну, разумеючы, што ён за яе ў прынцыпе ўвесь гэты час пакутаваў. За яе, за Украіну.

Алег Сянцоў абдымаецца з роднымі ў Кіеве.
Фота: Reuters / Forum

І ў гэтай Украіне сёння кум Уладзіміра Пуціна з’яўляецца лідарам фракцыі ў парламенце, а прэзідэнт заяўляе:

«Я магу пацвердзіць, што я, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, зрабілі ўсё, што абяцалі, не змяняючы на ​​хаду нашых дамоўленасцяў».

«Вораг моцны і здаваць не збіраецца»

То бок вайна, наколькі яны могуць судзіць, яшчэ не завяршылася, але ім важна адчуць сябе пераможцамі. Бо яны пераможцы, праўда? Яны не здаліся, не зламаліся, працягвалі быць вернымі. Услухайцеся ў заяву Алега Сянцова:

«Нават з вызваленнем апошняга палоннага наша барацьба не сканчаецца. Да перамогі яшчэ вельмі далёка. Вораг моцны і здаваць не збіраецца. Але перамога будзе абавязкова за нашай краінай. У нас няма іншага выбару. Слава Украіне!»

Вам гэта нічога не нагадвае? Так, мне гэта таксама нагадала вызваленне Надзеі Саўчанкі.

Але ж мы памятаем, чым скончылася ўсеагульная эйфарыя з нагоды ейнага вызвалення – мутнаю справай, якую інспіравала мінулая ўлада. І рэйтынг учорашняй гераіні абрынуўся, і светлае аблічча пацьмянела. І тая, дзякуючы якой – падчас ейнага зняволення – цэлая фракцыя здолела трапіць у парламент, не змагла ў яго пераабрацца.

Таму што для большасці выбарцаў вайна за вызваленне Надзеі Саўчанкі скончылася, а для самой Надзеі яна працягвалася. Таму што ваявала Саўчанкі не за ўласнае вызваленне, а за нешта іншае.

Алег Сянцоў.
Фота: Zuma Press / Forum

Заўтра яны задумаюцца над тым, куды вярнуліся

Ці разумеем мы, за што галадаў Алег Сянцоў, адмаўляліся прызнаваць сваю віну маракі, пакутавалі ў турмах крымска-татарскія актывісты? І ці разумеюць яны, што на самой справе адбылося ў краіне, куды яны вярнуліся?

Гэта значыць, вярнуліся – але ў якую менавіта краіну? Яе можна называць Украінай, але ці гэта тая Украіна, дзеля якой яны ўвесь гэты час спрабавалі застацца самімі сабой? І калі – не тая, то ці не палічаць яны, што вызваліцелі ім здрадзілі? Бо гэта і будзе сапраўднай трагедыяй. Не турма, не калонія, не чужы сцяг над калючым дротам. Здрада.

Яны пакуль не думаюць пра гэта. Яны і іх сем’і – шчаслівыя. Але ўжо заўтра яны задумаюцца над тым, куды вярнуліся.

Чытайце іншыя тэксты аўтара:

Меркаванні
Сыходзячы – сыходзь, або Яшчэ адзін урок для аўтарытарных кіраўнікоў
2019.08.08 13:14

Аляксандр Фядута, для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў