Сямашка: Тарыф на ацяпленне варта паступова падняць у 6 разоў


Сёння за ацяпленне шэраговы спажывец плаціць толькі 16,8% ад сабекошту ў адрозненне ад прадпрыемстваў – дзейнічае перакрыжаванае субсідаванне. Пра гэта 21 кастрычніка ў Гомлі заявіў журналістам віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка, перадае БелТА.

Паводле слоў Сямашкі, ліквідацыя перакрыжаванага субсідавання дазволіць знізіць фінансавую нагрузку на рэальны сектар эканомікі, паменшыць сабекошт выпускаемай прадукцыі, павысіць яе канкурэнтаздольнасць. Аднак сыход ад такога тыпу субсідавання будзе ажыццяўляцца паступова, па меры росту заробкаў і пенсій.

Як адзначыў віцэ-прэм’ер, каб выйсці энергетыкам на нулявую рэнтабельнасць, тарыф неабходна з цягам часу павысіць у 6 разоў.

«Хто вытрымае гэта, калі ў адзін момант падняць так тарыф? Менавіта на гэты момант звярнуў увагу прэзідэнт краіны падчас рэспубліканскага семінара аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны і паставіў нам задачу рабіць гэта паэтапна, гэта значыць па меры росту заработнай платы, росту памеру пенсій і г.д. Над вырашэннем гэтай задачы мы і будзем цяпер працаваць», – цытуе Сямашку БелТА.

20 кастрычніка на нарадзе па пытаннях ЖКГ было агучана, што цеплазабеспячэнне – самая дарагая з жыллёва-камунальных паслуг. Больш за 30% ад сумы жыроўкі зімой – гэта ацяпленне і падагрэў вады. Зыходзячы з гэтага, Лукашэнка запатрабаваў «шукаць рэзервы для эканоміі ў цеплазабеспячэнні».

Лукашэнка таксама сказаў, што, для таго каб да 2020 года адысці ад перакрыжаванага субсідавання і выйсці на 100-працэнтную аплату камуналкі насельніцтвам, ураду трэба думаць, як падняць людзям заробак.

Аднак на дадзены момант, як заявіў Лукашэнка, нельга «бударажыць насельніцтва» размовамі аб стоадсоткавай кампенсацыі кошту паслуг літаральна з заўтрашняга дня:

«Гэта пытанне ў тым ліку і палітычнае. Спешка тут недапушчальная», – сказаў Лукашэнка.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў