Сямашка: Менск і Масква дамовіліся пра цану на газ і аднавілі працу над дарожнымі мапамі


Менск і Масква аднавілі перамовы пра дарожныя мапы. Пра гэта заявіў журналістам амбасадар Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка.
«Можна так сказаць, што пра «дарожныя мапы» дыялог аднавіўся. Гэта ўжо не з’яўляецца сакрэтам, першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў быў у Маскве на мінулым тыдні, там ён сустракаўся з расейскім віцэ-прэм’ерам Аляксеем Аверчуком, абмяркоўвалі алгарытм і гэтак далей. Не ведаю, як яны, «дарожныя мапы», будуць называцца, але іх трэба актуалізаваць у часе», – цытуе ТАСС Уладзіміра Сямашку.

На заяву адрэагаваў чалец Каардынацыйнай рады Павел Латушка.

«Без стварэння легітымнай улады ў Беларусі размаўляць пра заключэнне міжнародна-прававых дакументаў немагчыма. Яны не будуць мець ніякіх прававых наступстваў. Гэта павінны разумець і нашыя расейскія партнёры», – заявіў «Свабодзе» Павел Латушка.

Hавiны
Амбасадар Беларусі ў РФ: Саюзную дамову мы павінны поўнасцю выканаць
2020.06.11 09:08

Кансэнсус па цане на газ

Сёння ж Сямашка заявіў, што Беларусь і Расея прыйшлі да кансэнсусу ў пытанні цаны на газ у 2021 годзе.

Паводле Сямашкі, ён сустракаўся са старшынём праўлення «Газпраму» Аляксеем Мілерам у Санкт-Пецярбургу.

«Мы прасунуліся ў разуменні. Нюансы не буду гаварыць. Плённа папрацавалі, пагаварылі, знайшлі ў галоўных пытаннях кансэнсус. Гэта будзе паэтапны рух. Хутчэй, усяго, нейкі крок будзе ўжо з 1 студзеня 2021 года», – сказаў Сямашка.

На думку амбасадара, агульны рынак газу ў Саюзнай дзяржаве «можна стварыць з 1 студзеня 2022 года».

Кіраўнік «Газпраму» Мілер у канцы траўня заявіў, што беларускі бок назапасіў доўг за пастаўкі газу з пачатку гэтага года ў памеры $165,57 млн. У Мінэнерга Беларусі ў сваю чаргу заявілі пра адсутнасць доўгу, але канстатавалі рознагалоссі па вызначэнні кошту прыроднага газу, які пастаўляецца з улікам яго каларыйнасці.

Пазней паведамлялася, што сума запазычанасці Беларусі за газ перад «Газпрамам» вырасла з $ 165,6 млн у канцы траўня да $ 273 млн. Беларусь штогод імпартуе з РФ каля 20 млрд куб. м газу. Пры гэтым Менск неаднаразова прапаноўваў знізіць кошт на газ да ўзроўню Смаленскай вобласці.

belsat.eu

Стужка навінаў