Сямашка: дарожныя мапы па інтэграцыі Беларусі і Расеі прыйдзецца актуалізаваць


Амбасадар Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка ў інтэрвʼю «Российской газете» заявіў, што цяпер ствараюцца перадумовы для новага разгляду падрыхтаваных раней дакументаў па паглыбленню беларуска-расейскай інтэграцыі.

Сямашка адзначыў, што летась Масква і Менск правялі вялікую працу над новымі інтэграцыйнымі дакументамі – Праграмай дзеянняў дзвюх краінаў па рэалізацыі Дамовы аб Саюзнай дзяржавы і дарожнымі мапамі да гэтай праграмы. Але паколькі пытанні энергетыкі і скасавання бар’ераў вырашаны не былі, то пакет інтэграцыйных дакументаў кіраўнікі дзяржаваў не падпісалі.

«Сёння ўрады дзвюх краінаў выходзяць на пэўныя дамоўленасці па ўрэгуляванні той сітуацыі, якая склалася ў нашых стасункаў у пачатку бягучага года. Гэта добры сігнал. Рашэнне праблемных пытанняў двухбаковага ўзаемадзеяння стварае перадумовы вярнуцца да разгляду напрацаваных дакументаў па паглыбленні нашай інтэграцыі», – падкрэсліў беларускі амбасадар.

«Але ўжо відавочна, што дарожныя мапы прыйдзецца актуалізаваць, паколькі закладзеныя ў іх тэрміны рэалізацыі этапаў інтэграцыі першапачаткова зʼяўляліся вельмі сціснутымі. Напрыклад, па цэлым шэрагу кірункаў да сярэдзіны гэтага года прадугледжвалася фармавання ўніфікаванага заканадаўства. Сёння відавочна, што зроблена гэта ў прадугледжаныя тэрміны ўжо не будзе. Ды і сама сітуацыя ў нашым рэгіёне і свеце ў цэлым, якая склалася ў апошнія дні і тыдні, прымушае пераасэнсаваць асобныя элементы супрацы і скарэктаваць іх у мэтах прывядзення да бягучых рэаліяў», – заявіў Сямашка.

ВІДЭА
Хто каго перахітрыў? Усё, што трэба ведаць пра вынікі года ў інтэграцыйных перамовах Беларусі і Расеі
2019.12.30 14:02
  • Перамовы пра паглыбленне інтэграцыі Беларусі і РФ распачаліся ў канцы 2018 года. 6 верасня 2019 года, прэм’еры дзвюх краінаў Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў узгаднілі праект праграмы дзеянняў па паглыбленні інтэграцыі і спіс дарожных мапаў. З верасня па снежань урады ўзгаднялі канкрэтныя дарожныя мапы, каб перадаць іх на подпіс кіраўнікам дзяржавы. Чакалася, што 8 снежня адбудзецца паседжанне Найвышэйшага Дзяржаўнага Савету Саюзнай дзяржавы, дзе Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падпішуць новую інтэграцыйную праграму, якая ўключае ў сябе 31 дарожную мапу. Аднак падпісанне інтэграцыйных дакументаў так і не адбылося.
  • Поўны пералік усіх дарожных мапаў ніколі не публікаваўся, як і дэталі інтэграцыйных дакументаў. Цягам 2019 года беларускія ўлады ўсяляк падкрэслівалі, што інтэграцыйных перамовы не тычацца стварэння наднацыянальных органаў і палітычнай інтэграцыі. Толькі ў снежні, ужо пасля зрыву паседжання Найвышэйшага Дзяржаўнага Савету Саюзнай дзяржавы ў Маскве, Лукашэнка распавёў, пра 31-ю мапу. «Есць так званая 31-я дарожная мапа – гэта план будаўніцтва наднацыянальных органаў. Парламент, магчыма, прэзідэнт будзе і г. д.» – заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю «Эхо Москвы».
  • Лукашэнка быў вымушаны распавесці пра 31-ю мапу пасля таго, як пра яе ўзгадаў Мядзведзеў. 23 снежня расейскі прэм’ер заявіў, што 31-я мапа закранае пытанні наднацыянальных органаў, адзінай валюты і адзінага эмісійнага цэнтру. Лукашэнка ў інтэрв’ю «Эхо Москвы» падкрэсліў: яны з Пуціным дамовіліся пакуль не размаўляць на гэтую тэму і астатнія мапы з 31-й не ўвязаныя.
Hавiны
СМІ распавялі пра змест 31-й дарожнай мапы па інтэграцыі Беларусі і РФ
2020.03.18 07:33

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў