Сямʼю журналістаў у гадавіну шлюбу ўлады «павіншавалі» штрафам $ 1 000


Амаль 2 тысячы рублёў штрафу на дваіх. Гэтак суд Кобрынскага раёна пастанавіў пакараць журналістаў Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву.

Суддзя Кобрынскага раённага суду Вадзім Здановіч прызначыў Ляўчуку 50 базавых штрафу паводле артыкуле 22.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі) і 10 базавых па артыкуле 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). Мілана Харытонава атрымала адпаведна 20 і 5 базавых. Усяго на сямʼю журналістаў лёг штраф у больш чым тысячу долараў.

Журналісты «Белсату» Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава былі жорстка затрыманыя невядомымі людзьмі ў цывільным 18 сакавіка ў Кобрыне. Акрамя таго ў журналістаў сканфіскавалі прафесійную тэхніку.

Сёння ўлады зрабілі нашай сямʼі своеасаблівы падарунак да дзесяцігоддзя нашага шлюбу – 1000 долараў штрафу. Мы бачым, што ўладамі створана бандыцкая дзяржава, дзе любы чалавек можа быць схоплены бандытамі ў цывільным у цэнтры гораду, збіты, у яго могуць скрасці асабістую маёмасць, а потым даць велізарны штраф або нават пасадзіць на содні. – заявіў «Белсату» Алесь Ляўчук.

«Праўды ў міліцэйскіх сведак няма, таму яны вырашылі ўзяць колькасцю. На судзе з іх боку выступала сем сведак (усе супрацоўнікі міліцыі), а з нашага боку толькі адзін. Бо пасля нашага затрымання, якое шмат хто здымаў на тэлефон, людзей у Кобрыне проста запалохалі. Відэа ў сведак выдалілі, нам вядома прынамсі пра аднаго затрыманага. Потым гэтая банда ездзіла па дамах і запалохвала людзей. Нашто гэта міліцыі калі затрыманне было ў межах закону? Як высветлілася з матэрыялаў справы нашым затрыманнем кіраваў намеснік кіраўніка РАУС Кобрына Вячаслаў Клімчук. Але і тое што ён гэтым разам быў у форме, а яго падначаленыя сведчылі ў судзе, іх паводзіны не змяніла, гэта падобна на звычайную шайку гопнікаў, а не на аддзел міліцыі» – гаворыць Мілана Харытонава.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў