«Сям’я знаходзіцца ў закладніках». Палітвязня і былога сілавіка Андрэя Новікава дэпартавалі з Беларусі


26 кастрычніка Андрэя Новікава вывезлі на трасу М1 на мяжу з Расейскай Федэрацыяй у адзежы, у якой ён быў арыштаваны яшчэ 6 чэрвеня і аддалі пашпарт з забаронаю прыязджаць у Беларусь 10 гадоў. Пра гэта ён даслаў паведамленне ў глыбоцкі тэлеграм-канал.

Андрэй Новікаў.
Фота: Радыё Рацыя

У Пастаўскім раёне ў грамадзяніна Расеі Андрэя Новікава засталіся жонка і двое дзяцей. Малодшай дачцэ – паўтары гады.

Новікава затрымалі 6 чэрвеня, калі ехаў на трактары ля вёскі ў Пастаўскім раёне. Перавялі ў Менск у СІЗА на вуліцы Валадарскага. За кратамі ён правёў амаль паўгады.

Новікаў быў валанцёрам у выбарчай кампаніі Святланы Ціханоўскай, збіраў подпісы за яе вылучэнне. Яго абвінавацілі паводле таго ж артыкулу, што і Сяргея Ціханоўскага, – ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Hавiны
Літва можа пачаць расследаваць гвалт беларускіх сілавікоў. На чарзе – іншыя краіны
2020.11.27 18:45

У сваім паведамленні Новікаў наракае, што ён быў выдвараны з Беларусі без выканання нормаў заканадаўства і права, без законных працэдураў.

Ягоная сям’я засталася ў Беларусі, яны пакуль ня могуць выехаць: пасля цяжкіх родаў жонцы неабходна рэабілітацыя і назірацца ў лекара.

Таксама Андрэй Новікаў паведамляе, што ягоны статус па крымінальнай справе зараз невядомы: «Арышт быў адменены без ніякіх тлумачэнняў».

У яго адабралі ўсе дакументы, што ў яго назбіраліся падчас следства, усю асабістую перапіску, нават паштоўкі, лісты падтрымкі, асабістыя нататкі.

Цяпер Новікаў знаходзіцца на тэрыторыі Расеі. Ён збіраецца распавядаць пра сваю гісторыю, бо лічыць, гэта адзінае, што дапаможа, бо сям’я ў Беларусі «знаходзіцца ў закладніках».

«Дабіцца праўды немагчыма, кіраўнікі сілавых структур пераводзяць адказнасць адзін на аднаго, адвакаты запалоханыя, – гаворыць ён. – Тое самае з судамі».

Андрэй Новікаў падзякаваў за падтрымку, якую ён адчуваў, знаходзячыся ў СІЗА.

Андрэй Новікаў – беларус, нарадзіўся ў беларускім Варапаева, пасля школы вучыўся і служыў у расейскім Усурыйску. Працаваў у міліцыі, мае званне падпалкоўніка ў адстаўцы. Двойчы ўдзельнічаў у вайсковых аперацыях на тэрыторыі Чачні.

AB, belsat.eu

Стужка навінаў