Сям’я Лукашэнкі страчвае ад інтэграцыі


Увесь папярэдні год дэлегацыі з Беларусі і Расеі працавалі над дакументамі, якія максімальна зблізяць заканадаўства ўва ўсіх галінах і напрамках, што найбольш балюча для Беларусі, эканоміка якой складае 3 % ад аб’ёму расейскай. Тры эканамічныя дарожныя мапы з трыццаці не ўзгаднілі. З імі і 31-ая, існаванне якой кіраўнік нашай краіны спрабаваў схаваць, а калі інфармацыя зʼявілася – сказаў: не падпішу. Што падпіша, а што не… у новым годзе?

Першая – пра агульны нафтавы рынак. Другая – пра агульны газавы рынак. І трэцяя – дарожная мапа пра адзіны падатковы кодэкс…

У Новы год Лукашэнку давялося ўвайсці без абяцаных беларусам ільготных рашэнняў у дачыненні нафты і газу – тут не саступіла Масква.

Менск жа не саступіў у пытанні адзінага Падатковага кодэксу, бо, паводле праекту, зборы падаткаў у Беларусі зменшацца. Добрая навіна для ўсіх беларускіх субʼектаў гаспадарання, апроч свабодных эканамічных зонаў, якія давялося б закрыць!

ВІДЭА
Лукашэнка не пагодзіцца на ўсе ўмовы Крамля
2019.12.28 09:05

Каментуе палітолаг Андрэй Суздальцаў, выкладчык Вышэйшай эканамічнай школы ў Маскве:

«Гэта такія шлюзы дзеля продажу кантрабанды на расейскі рынак – галоўны рынак еўразійскай інтэграцыі. Безумоўна, беларускі бок зацікаўлены ў тым, каб гэтыя зоны працавалі. Менавіта на іх жывуць асноўныя беларускія алігархі. Вялізны прыбытак ідзе ў гаманец самой сямʼі прэзідэнта рэспублікі».

Эксперт называе гэта галоўнаю прычынай, чаму ўлады Беларусі адмовіліся ад публікавання дарожных мапаў. Захоўваць маўчанне, аднак, замінае расейскі бок. Пасля ўзнікнення праблемаў з агульнымі падаткамі прэмʼер Мядзведзеў адкрыў беларусам вочы на найгоршае – на існаванне 31-й дарожнай мапы, якая прадугледжвае стварэнне наднацыянальных органаў кіравання і адзінага эмісійнага цэнтру. Дакумент чакаў падпісання ўсіх папярэдніх – кажа знаёмы са зместам эксперт.

Працягвае Андрэй Суздальцаў:

«Можна ўсё зрабіць па 30 дарожных мапах, узгадніць, зацвердзіць, але калі не будзе наднацыянальных органаў, гэты картачны домік рассыплецца, бо немагчыма будзе гэта ўсё пракантраляваць, немагчыма будзе ўрэгуляваць на месцы праблемы, якія ўзнікаюць, не будзе нармальнага руху капіталу, тавараў і паслуг і працоўнай сілы».

Лагічна, але непрымальна для беларусаў, якія абіраюць незалежнасць краіны, што ілюструюць мітынгі супраць паглыбленай інтэграцыі і пацвярджае даследаванне, праведзенае напярэдадні Інстытутам сацыялогіі Акадэміі навук Беларусі.

Не пытаючыся ў народу, Аляксандр Лукашэнка ідзе ў пастку Крамля – кажа эканамічны аглядальнік «Белсату» Стась Івашкевіч:

«Зараз мы назіраем тое самае – зноў Расея выстаўляе ўмовы, але, як паказвае гісторыя з 1999 г., не было яшчэ выпадку, калі Расея не даціснула беларускія ўлады ў сваіх інтарэсах з дапамогаю эканамічнага шантажу».

У выніку такога шантажу адбыўся продаж прадпрыемстваў тыпу «Белтрансгаз», далучэнне да Мытнага саюзу ды іншых інтэграцыйных структураў. У кожным выпадку гандаль з Крамлём трываў у межах аднаго года. У апошніх газанафтавых перамовах год ужо мінуў.

ВІДЭА
Павел Усаў: Падпісанне ўсіх дарожных мапаў – гэта забойства беларускай дзяржавы
2019.12.29 13:00

«У выніку ён апынецца перад выбарам – востры эканамічны крызіс ці здача суверэнітэту да канца свайго жыцця ці з пэўнымі гарантыямі для сваёй сямʼі, як гэта было, напрыклад, у Татарстане», – працягвае Стась Івашкевіч.

Паводле каляндарнай логікі, з падпісаннем «прыхаванага ў Крамлі на канец» дакументу пра палітычную інтэграцыю Лукашэнка будзе цягнуць прынамсі да прэзідэнцкіх выбараў, а значыць да пачатку восені 2020 г.

Гаворыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

«Пуцін даў знаць: хочаце газ па цане Смаленскай вобласці, то фактычна станавіцеся Смаленскай вобласцю. Трошкі больш завуалявана сказаў, але сэнс быў такі».

ВІДЭА
Вынікі 2019-га. Што Лукашэнку трэба ад Захаду?
2019.12.29 09:10

І калі Аляксандр Лукашэнка ў сваім стылі кіравання краінаю дазваляе сабе змены ў настроі, рашэннях і планах… гэтак сама абыходзіцца з расейскім калегам – не выйдзе. Падчас навагодняга звароту Лукашэнка канстатаваў:

«Найлепшыя пачынанні і мары, нерэалізаваныя планы знойдуць свой працяг ужо літаральна заўтра. У гэтым паслядоўным руху заклад стабільнасці і квітнення нашай маладой незалежнай дзяржавы».

«Заўтра Беларусь возьме на сябе цяжар лідарства ў эканамічным і абаронным саюзах».

Але ў Саюзе з Расеяй такога лідарства не возьме ніколі, можа, таму пра інтэграцыйныя «дасягненні» Лукашэнка не сказаў нічога.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 03.01.2020

Іншыя тэмы выдання:

 

Стужка навінаў