«Сядзеў, як Чабурашка, паміж скрынямі мандарынаў». Беларусы распавядаюць, як шукалі працу за мяжой


Ці дарагія кватэры ў Беластоку? Кім уладкавацца на працу ў Кіеве? І колькі каштуе кілаграм шынкі ў Барсэлоне? Праграма «Беларускі свет» штотыдзень распавядае, як жывецца за мяжою беларусам, якія з’ехалі з Радзімы ў пошуках новага жыцця.

Нашыя карэспандэнты наведваюць герояў праграмы на працы і ўдома, шпацыруюць з імі ўздоўж мора або робяць закупы ў супермаркеце.

Як у іншых краінах ставяцца да нашых суайчыннікаў?

«[Існуе стэрэатып, што – рэд.] усе беларусы гавораць па-расейску. Гэта мяне вельмі здзіўляла», – узгадвае журналіст Аляксей Трубкін, які працуе рэдактарам інтэрнэт-старонкі радыё «Рацыя» ў Беластоку.

У Польшчу ён перабраўся з Наваполацку, каб вучыцца па стыпендыяльнай праграме імя Кастуся Каліноўскага.

«Пра беларусаў я не сказаў бы, што існуе шмат стэрэатыпаў. Стэрэатыпы ёсць пра Лукашэнку. Гэта ледзь не адзіны беларус, якога тут [ва Украіне – рэд.] добра ведаюць», – распавядае журналіст Зміцер Галко, які ў 2018 годзе з’ехаў у Кіеў, каб не адбываць чатыры гады «хіміі» паводле крымінальнай справы, якую ён называе палітычнай.

Ва Украіне яму ўдалося распачаць новае жыццё і працягнуць журналісцкую кар’еру, хоць спачатку было цяжка: давялося жыць у манастыры.

«Ёсць стэрэатып, што беларусы, як і расейцы, пастаянна п’юць», – гаворыць арганізатарка тураў па Каталунні (Іспанія), у мінулым – журналістка і рэдактарка «Камсамольскай праўды» ў Беларусі Вольга Улевіч. Яна пераехала ў Барсэлону, калі выйшла замуж.

У каго можна перакваліфікавацца за мяжой? Ці проста ўладкавацца на новым месцы? Ад якой беларускай звычкі яны ніяк не могуць пазбавіцца, нягледзячы на гады ў эміграцыі? І калі яны збіраюцца вярнуцца назад? Глядзіце праграму «Беларускі свет» (відэа ў пачатку артыкула).

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» па аўторках а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

ІА, belsat.eu

Стужка навінаў