Сябры камісіяў абыходзяць кватэры выбарнікаў без іх запрашэння


Belsat.eu стала вядома як мінімум пра два выпадкі, калі да людзей прыходзілі ў кватэры са скрынямі для галасавання – хоць ніякіх заявак у выбарчых камісіях ніхто загадзя не пакідаў.

Сябры камісіі на 59-м участку ў Магілёве абыходзяць кватэры, у якіх прапісаныя пенсіянеры. «Але мы не выклікалі камісію да дом і не паведамлялі, што хочам прагаласаваць дома», – паведаміў belsat.eu Зміцер Салаўёў, сын пенсіянеркі.

«Наш дом па праспекце Міра, 25 у Магілёве. Сёння сябры камісіі хадзілі па ўсіх кватэрах, дзе могуць пражываць пенсіянеры. На мае пытанне, чаму яны прыйшлі, яны адказалі, што атрымалі спіс адрасоў ад старшыні камісіі. Мы не падавалі адпаведнай заяўкі і ўжо рыхтуем скаргу ў акруговую выбарчую камісію».

Hавiны
«Права выбару»: на некаторых участках яўка завышаецца больш чым у два разы
2019.11.17 11:56

Аналагічны выпадак адбыўся і ў вёсцы Бузуны, што ў Валожынскім раёне Менскай вобласці.

– Прыйшлі раніцай, прыкладна аб 11:00, два мужчыны з бэйджамі і са скрыняй. Хоць я нікога не выклікаў. Кажуць: «Галасаванне». Я спытаў: «Навошта?» Мужчыны здзівіліся, што я не буду галасаваць і сышлі, – распавёў Belsat.eu мясцовы жыхар Павел. Яго вельмі абурыла такая сітуацыя: – Як дарогу ўзімку пачысціць – дык не могуць даехаць, а як скрыню прывезці – дык на табе.

Hавiны
Адмысловае выданне «Белсату» пра выбары: адразу пасля закрыцця ўчасткаў
2019.11.11 14:20

Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання «Права выбару» Алесь Сілкоў у каментары belsat.eu адзначыў, што абыход кватэраў без адпаведнай заяўкі – гэта відавочнае парушэнне. Ён адзначыў, што ў грамадзяніна сапраўды ёсць права прагаласаваць па месцы жыхарства, але для гэтага ён мусіць звярнуцца ў выбарчую камісію. Камісія складзе да вечара дня галасавання агульны спіс і ўжо тады пачнецца абыход кватэраў выбарнікаў.

«Сёння ўпершыню з 8:00, калі толькі адчыніліся ўчасткі, яны заяўляюць, што ў нас нібыта запісаліся 200 чалавек і пачынаюць абыходзіць людзей, хаця людзі іх не выклікалі», – канстатуе прадстаўнік «Права выбару».

Такога кшталту парушэнні фіксуюцца ў розных гарадах Беларусі. Сілкоў лічыць, што з гэтай нагоды трэба звяртацца ў пракуратуру.

«Бо гэта сапраўдны падлог дакументаў: людзі не запрашалі, а да іх прыходзяць са скрынямі. Я ўпэўнены, што ўлада паставіла задачу: 70 % за праўладнага кандыдата – і выконвайце загад як хочаце», – адзначыў ён.

ІІ, АС Belsat.eu

Стужка навінаў